Олаф Шольц перад выбарамі блакуе пакет дапамогі Украіне на 3 мільярды еўра
17.01.2025 / 22:22
Міністарка замежных спраў Германіі Аналена Бербак і іншыя нямецкія палітыкі крытыкуюць канцлера Олафа Шольца за тое, што той адмовіўся ўхваліць дадатковы пакет вайсковай дапамогі Кіеву, піша Euronews.
Олаф Шольц. Markus Schreiber / AP
Федэральны канцлер Германіі Олаф Шольц трапіў пад агонь крытыкі за адмову ўхваліць выдзяленне яшчэ 3 мільярдаў еўра на вайсковую дапамогу Украіне, калі яна не будзе фінансавацца за кошт дадатковых пазык.
Выступаючы па нацыянальным тэлебачанні ў пачатку гэтага тыдня, Шольц заявіў, што пагодзіцца выдзеліць сродкі толькі ў тым выпадку, калі для фінансавання будуць выпушчаныя новыя дзяржаблігацыі, а не за кошт зразання выдаткаў на сацпраграмы.
Гаворка ідзе пра пакет у дадатак да ўжо прадугледжаных у бюджэце на 2025 год 4 мільярдаў еўра дапамогі Кіеву. Сродкі павінны пайсці ў асноўным на закупку ўзбраенняў для супрацьпаветранай абароны Украіны.
Апазіцыйныя палітыкі і нават міністарка замежных спраў Аналена Бербак абвінавацілі Шольца ў перадвыбарчай агітацыі.
«Германія ў цэлым у цяперашні час не разглядаецца як рухаючая сіла мірнай палітыкі ў Еўропе, і, шчыра кажучы, гэта мяне засмучае», — сказала Бербак, якая прадстаўляе партыю «зялёных», у інтэрв'ю Politico 17 студзеня.
«Нават цяпер, падчас перадвыбарчай кампаніі, некаторыя ставяць у аснову нацыянальную перспектыву — або тое, як хутка набраць некалькі галасоў на парламенцкіх выбарах — замест таго, каб узяць на сябе рэальную адказнасць за забеспячэнне міру і свабоды ў Еўропе», — заявіла міністарка.
У Германіі 23 лютага пройдуць пазачарговыя выбары пасля таго, як у лістападзе распалася трохбаковая ўрадавая кааліцыя. Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі Шольца цяпер займае толькі трэцяе месца ў апошніх апытаннях грамадскай думкі (16%), саступаючы ультраправай «Альтэрнатыве для Германіі» (20%) і правацэнтрысцкаму блоку Хрысціянска-дэмакратычнага саюза і Хрысціянска-сацыялістычнага саюза (31%).
Паводле паведамленнях мясцовых СМІ, многія члены і прыхільнікі СДПГ стаміліся ад вайны Расіі ва Украіне і не хочуць, каб Германія працягвала траціць мільярды на пастаўкі зброі, улічваючы эканамічную стагнацыю і двухзначны дэфіцыт бюджэту краіны.
Цяпер Германія займае другое месца па аб'ёмах фінансавай і вайсковай дапамогі Кіеву пасля ЗША.
Чытайце таксама:
«Межы не павінны адсоўвацца сілай». Шольц раскрытыкаваў выказванне Трампа па Грэнландыі
Генеральны сакратар NATO параіў Зяленскаму менш крытыкаваць Шольца
Фрыдрых Мерц: Мы змушаем Украіну ваяваць са звязанай рукой
Хто такая Аліса Вайдэль — кандыдатка на пасаду канцлера Германіі ад ультраправай «Альтэрнатывы»