БЕЛ Ł РУС

Трамп: Пуцін «разбурае Расію», не заключаючы з Кіевам пагадненне аб спыненні вайны

21.01.2025 / 8:50

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША заявіў у панядзелак, што яго расійскі калега Уладзімір Пуцін «зрабіў бы сабе лепш», калі б скончыў вайну ва Украіне, дадаўшы, што Пуцін «не занадта добра пачуваецца», а Расія страціла мільён салдат, паведамляе «Голас Амерыкі».

Уладзімір Пуцін. Фота: Sergey Guneyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP, File

«Мне трэба пагаварыць з прэзідэнтам Пуціным, нам трэба ўсё высветліць», — сказаў Трамп, размаўляючы з журналістамі ў Авальным кабінеце пасля падпісання выканаўчых указаў. — Расія большая [чым Украіна], у іх больш салдат, якіх можна страціць, але кіраваць краінай такім чынам — гэта дзіўна».

Ён таксама заявіў, што хоча ў хуткім часе сустрэцца з расійскім прэзідэнтам, аднак дата гэтай сустрэчы пакуль не вызначана.

«Большасць людзей думалі, што вайна скончыцца за адзін тыдзень, — сказаў Трамп пра вайну Расіі супраць Украіны, якая цягнецца амаль тры гады. — Я думаю, яму [Пуціну] было б лепш завяршыць гэтую вайну».

Трамп заявіў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі хоча заключыць пагадненне для заканчэння канфлікту, а Уладзімір Пуцін «разбурае Расію», не заключаючы пагаднення для завяршэння вайны з Украінай.

«Зяленскі хоча заключыць пагадненне. Не ведаю, ці хоча гэтага Пуцін. Ён павінен заключыць пагадненне. Я думаю, ён разбурае Расію, не заключаючы пагаднення», — сказаў Трамп. Адказваючы на пытанне пра магчымасць зняцця санкцый з Расіі, Трамп адзначыў, што аддае перавагу мытам замест санкцый.

Між тым, Уладзімір Пуцін у панядзелак павіншаваў Дональда Трампа з пераабраннем на другі тэрмін. Пуцін выказаў гатоўнасць да абмеркавання важных глабальных пытанняў, сярод якіх працяглая вайна ва Украіне і пытанні, што тычацца ядзернай зброі.

Чытайце таксама:

Дональд Трамп афіцыйна стаў 47-м прэзідэнтам ЗША

Трамп абяцае «рэвалюцыю здаровага сэнсу». Адразу пасля інаўгурацыі ён падпіша шэраг указаў

Трамп памілаваў 1600 удзельнікаў штурму Капітолія

Найбольш шчаслівым на інаўгурацыі Трампа выглядаў Ілан Маск ВІДЭА

Каментары да артыкула