У Лідзе супрацоўніцы ЖКГ ідуць галасаваць датэрмінова з-за таго, што лайдачылі ўвосень?
Як і заўсёды перад днямі галасавання на любых лукашэнкаўскіх выбарах, па ўсіх прапагандысцкіх каналаў ідзе агітацыя за тое, каб людзі галасавалі датэрмінова. Ладзіцца і своеасаблівы флэшмоб, падчас якога людзі на відэа тлумачаць, чаму ім няма часу схадзіць укінуць бюлетэнь у нядзелю. Пры гэтым многія аргументы выглядаюць, мякка кажучы, непераканаўча.
Скрыншот з відэа
Напрыклад, Лідская ЖКГ запусціла ролік, у якім шасцёра жанчын зграбаюць уздоўж дарогі апалую лістоту, а напрыканцы хорам заяўляюць:
«Мы датэрмінова пойдзем галасаваць, таму, што будзем прыбіраць горад у дзень выбараў».
Звяртае на сябе ўвагу нелагічнасць самога дзеяння: дзеля чаго жанчыны мусяць выходзіць прыбіраць горад менавіта ў выхадны дзень, ды яшчэ ў такім рэжыме, што не могуць нават ненадоўга адвіхнуцца для ўкідання бюлетэня? І чаму тады ў афіцыйны працоўны дзень у іх час наведаць участак акурат ёсць?
Але найбольш здзіўляе характар работ, якія жанчыны цяпер нібыта так тэрмінова мусяць выканаць. Зграбанне сухой лістоты — відавочна не зімовая праца, у студзені ў прынцыпе мусіў бы ляжаць снег. Таму гэтую працу жанчыны павінны былі б выконваць увосень, адразу пасля таго, як тое лісце нападала, калі не планавалася пакідаць яго да вясны. Таму імкнучыся паказаць выключную дбайнасць, стваральнікі роліка падкрэсліваюць хутчэй адваротнае.
Чытайце таксама:
Мітрапаліт Веніямін таксама прыйшоў галасаваць датэрмінова
«Падыход такі — патрыятызм». Чым падчас выбараў займаюцца настаўнікі, медыкі і адвакаты
Тэмпы датэрміновага галасавання нарастаюць: ужо 17,67%
«Ствараюцца камфортныя ўмовы». Міністр адукацыі выказаўся пра датэрміновае галасаванне студэнтаў