Карпенка не выключыў, што прэзідэнта будуць абіраць праз УНС
Кіраўнік лукашэнкаўскай ЦВК Ігар Карпенка, выступаючы ў праграме міністра інфармацыі Марата Маркава «Марков. Ничего личного» на АНТ, расхвальваў беларускую выбарчую сістэму і цешыўся з таго, як гладка, на ягоную думку, прайшла апошняя кампанія па пераабранні Лукашэнкі. Але ў той жа час не выключыў, што ў будучыні нават праз імітацыю народнага волевыяўлення Лукашэнку будзе праходзіць некамфортна.
Ігар Карпенка. AP Photo / Pavel Bednyakov
Ігар Карпенка дапусціў магчымасць, што ў будучыні народ можна будзе ўвогуле не трывожыць, працягваючы паўнамоцтвы Лукашэнкі на Усебеларускім народным сходзе.
«Цалкам магчыма абмяркоўваць гэтае пытанне, але гэта залежыць не ад ЦВК, а ад заканадаўца, волі народа, Канстытуцыі, у якой гэта ўсё прапісана. Гэта сур'ёзныя пытанні, яны няпростыя. Але яны маюць права быць, таму што вопыт падобны ёсць», — заявіў Карпенка.
Вопыт, пра які ён гаворыць — кітайскі, дзе, як вядома, кіраўніцтва краіны «абіраецца», як некалі ў СССР, на партыйных з'ездах, а на самай справе ўсе кадравыя пытанні вырашаюцца загадзя.
«Я не веру ў гэты ліберальны дэмакратызм, не веру ў гэта. Гэтая сістэма [падобная да кітайскай], на мой погляд, больш сумленная ў адносінах да свайго выбаршчыка», — заяўляе старшыня ЦВК.
Варта адзначыць, што ў выбарах дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, фармальна ўведзенага ў якасці найвышэйшага органа ўлады ў апошняй рэдакцыі лукашэнкаўскай канстытуцыі, народ не ўдзельнічае нават фармальна. Усіх дэлегатаў на яго вылучаюць са сваіх шэрагаў лукашэнкаўская вертыкаль і розныя праўладныя структуры.
Чытайце таксама:
Карпенка назваў санкцыі Захаду «высокай ацэнкай» працы ЦВК
«Ён на наступны тэрмін не будзе абірацца». Словы Лукашэнкі 26 студзеня аналізуе Мікола Бугай
ЦВК расказаў, колькі намалявалі галасоў кожнаму з кандыдатаў