Маркаў абвінаваціў Google у «інфармацыйных правакацыях супраць прэзідэнцкіх выбараў» і хоча зрабіць айчынны Раскамнагляд
Беларусь накіравала карпарацыі Google «ліст з прэтэнзіяй аб умяшаннях у выбары», заявіў міністр інфармацыі Марат Маркаў прапагандысту расійскага тэлеканала Russia Today Канстанціну Прыдыбайлу, піша «Позірк».

Паводле слоў чыноўніка, прэтэнзіі тычацца «саўдзелу кампаніі Google у інфармацыйных правакацыях супраць Беларусі і прэзідэнцкіх выбараў у краіне».
З дапамогай ліста, удакладніў Маркаў, улады хочуць «звярнуць увагу на тое, што ідзе зусім канкрэтнае парушэнне заканадаўства», бо ў згаданых «правакацыях» удзельнічаюць «фарміраванні, якія судом прызнаныя ў Рэспубліцы Беларусь экстрэмісцкімі».
«Узаемадзеянне Google з падобнага роду злачыннымі арганізацыямі прымушае, па-першае, задумацца, а па-другое, вельмі моцна адбіваецца на рэпутацыі самога Google, — сцвярджае чыноўнік. — Хацелася б, каб яны прынамсі гэта зразумелі для пачатку, а потым прынялі адпаведныя рашэнні».
Маркаў таксама заявіў аб неабходнасці стварэння ў Беларусі аналага Раскамнагляду.
«Заканадаўча трэба гэтыя рэчы дапрацаваць да канца, паколькі так ці інакш мы павінны мець інструменты, якія будуць наўпрост уздзейнічаць, як у Расіі, ёсць такая магчымасць, праз Раскамнагляд», — сказаў кіраўнік Мінінфарма.
«У Беларусі няма адпаведнай арганізацыі, умоўнага Белкамнагляду, але тое, што яго стварэнне даўно наспела, я ў гэтым не сумняваюся», — дадаў ён.
Пра якія правакацыі гаворка, і якім чынам Google у іх «саўдзельнічаў», Маркаў у каментары не ўдакладніў.
Федэральная служба па наглядзе ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый (Роскамнагляд) — расійскі федэральны орган выканаўчай улады, які займаецца рэгуляваннем сувязі, інфармацыйных тэхналогій і СМІ. Ён таксама рэгулюе абарону персанальных даных і працу радыёчастотнай службы.
Служба падведамасная Міністэрству лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расіі. Створаная ў снежні 2008 года ўказам прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева.
З 2022 года, як «дэзынфармацыйная арганізацыя», знаходзіцца пад санкцыямі ЕС.
28 лістапада мінулага года ў офісе беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай заявілі, што «першыя радкі ў Google набытыя рэжымам», і калі ўвесці ў радок пошуку «выбары ў Беларусі», то знайсці публікацыі незалежных СМІ пра выбары не атрымаецца — згодна з выкарыстанымі ў роліку скрыншотамі, будуць трапляцца толькі матэрыялы ЦВК, Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала і дзяржСМІ (паводле інфармацыі «Позірку», калі ўвайсці праз VPN з беларускім адрасам, сярод першых радкоў у выніках пошуку трапляюцца і старонкі незалежных, у тым ліку замежных, СМІ, частка якіх на тэрыторыі Беларусі заблакаваная).
За Лукашэнку на «выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» прагаласавала 86,82% выбаршчыкаў, заявіў старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка на прэс-канферэнцыі ноччу 27 студзеня. Дэмакратычныя краіны адмовіліся прызнаваць сёмыя выбары прэзідэнта Беларусі, якія прайшлі 26 студзеня.
Цяпер чытаюць
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары