Вэнс заявіў, што ягоныя словы перакруцілі — ён не дапускае магчымасці адпраўкі амерыканскіх войскаў ва Украіну
Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс адрэагаваў у сетцы X на публікацыю ў Wall Street Journal, якую многія інтэрпрэтавалі так, нібыта ён дапускае, пры некаторых умовах, магчымасць адпраўкі амерыканскіх войскаў ва Украіну. Насамрэч жа, паводле сцвярджэння Вэнса, ягоныя словы перакруцілі палітычныя апаненты.
Джэй Дзі Вэнс. Фота: Kent Nishimura / Getty Images
У інтэрв'ю газеце Вэнс згадаў пра «вайсковыя інструменты ўздзеяння», калі Расія не пажадае спыніць вайну, але не раскрываў гэтую ідэю больш падрабязна.
«Як я заўсёды казаў, амерыканскія войскі ніколі не павінны падвяргацца небяспецы там, дзе гэта не спрыяе амерыканскім інтарэсам і бяспецы. Гэтая вайна — паміж Расіяй і Украінай», — напісаў Вэнс.
«Тое, што WSJ вывернула мае словы падобным чынам у гэтай гісторыі, — гэта абсурд, але нічога дзіўнага тут няма, улічваючы, што яны многія гады дамагаліся таго, каб больш сыноў і дачок амерыканцаў апраналі вайсковую форму і размяшчаліся за мяжой без неабходнасці», — дадаў Вэнс у наступным пасце.
The Wall Street Journal у сваёй рэдакцыйнай пазіцыі — выданне, блізкае да Рэспубліканскай партыі, але ў большай ступені да яе традыцыйнага крыла, якое шмат у чым страціла ўплыў з прыходам у палітыку Дональда Трампа і заваяваннем ім папулярнасці. Таму гэты канфлікт выглядае праявай унутрыпартыйнай барацьбы.
Пры гэтым варта адзначыць, што абвяржэнне Вэнса з'явілася не адразу пасля публікацыі, а праз дастаткова працяглы час пасля яе, калі ягоныя словы ва ўсім свеце ўжо паспелі шматразова працытаваць і абмеркаваць.
Чытайце таксама:
Віцэ-прэзідэнт ЗША: Ва Украіну могуць увесці амерыканскія войскі, калі Масква будзе зрываць перамовы