Гомельскую пенсіянерку ўратавала ад махляроў толькі няўменне захоўваць таямніцу
Жанчыне патэлефанавалі на хатні тэлефон нібыта супрацоўнікі «Энерганагляду». Яны расказалі, што зараз ідзе масавая замена лічыльнікаў, якая каштуе немалых грошай. Але жанчыне пашчасціла трапіць на акцыю па бясплатнай замене абсталявання. Гэта аказалася той прынадай, на якую даверлівая пенсіянерка і трапіла.
Фота ілюстрацыйнае
Каб узяць удзел у акцыі, трэба было толькі паведаміць нібыта «Энерганагляду» свае пашпартныя даныя, што жанчына і зрабіла.
Амаль адразу пасля таго ёй патэлефанаваў праз месенджар «супрацоўнік міліцыі» і сказаў, што жанчыну падманулі. Маўляў, на яе даныя ашуканцы аформілі крэдыты і ўжо выводзяць грошы за мяжу.
Пасля таго суразмоўца напужаў пенсіянерку крымінальнай справай і пацікавіўся, ці ёсць у яе дома нейкія ашчаджэнні. А паколькі грошы ў жанчыны знайшліся, таму мужчына параіў іх неадкладна задэклараваць, каб сродкі не канфіскавалі. Для гэтага трэба было пайсці ў банк і ўсё пакласці на спецыяльны рахунак.
На шчасце, банк у гэты час ужо не працаваў. Таму махляры загадалі трымаць гэтую гісторыю ў сакрэце і звярнуцца ў банк у панядзелак. Але ўсхваляваная пенсіянерка не вытрымала і расказала пра ўсё сваёй знаёмай. Тая ж, зразумеўшы, што справа нячыстая, пераканала сяброўку звярнуцца ў міліцыю.
Цяпер следчыя распачалі крымінальную справу па факце махлярства.
Чытайце таксама:
«Фота кватэры пенсіянеркі, якая чакае званка ад махляроў». Найлепшыя твіты тыдня
Махляры прапануюць пасіўны заробак ад «Белтэлекама»
Фэйкавы міліцыянер запалохвае беларусаў з дапамогай партрэта Лукашэнкі