Лідары АдГ: Вайна ва Украіне не тычыцца Германіі
Выступленні прадстаўнікоў АдГ учора суправаджаліся гучнымі апладысментамі залы.
Лідарка партыі Аліса Вайдэль і Аляксандр Гаўланд на пасяджэнні ў парламенце. Фота: Michael Sohn
За некалькі дзён да выбараў у Бундэстаг правапапулісцкая партыя «Альтэрнатыва для Германіі» заклікала Берлін трымацца ўбаку ад вайны ва Украіне, паведамляе Deutsche Welle.
«Гэта не наша вайна», — заявіў увечары 19 лютага ў Нойенхагене сузаснавальнік і ганаровы старшыня АдГ Аляксандр Гаўланд. Тую ж фразу паўтарыў і сустаршыня партыі Тына Хрупала.
Выступленні прадстаўнікоў АдГ суправаджаліся гучнымі апладысментамі залы, дзе прысутнічалі каля 400 слухачоў. У той жа час на вуліцы адбывалася акцыя пратэсту супраць ультраправых. Пратэстоўцы скандавалі: «Нацысты, вон!». Бяспеку гарантавала паліцыя.
Падчас свайго выступлення Гаўланд заявіў, што вайна Расіі ва Украіне — гэта канфлікт паміж дзвюма краінамі, а не паміж Расіяй і Германіяй. Паводле яго слоў, украінскі лідар Уладзімір Зяленскі «хацеў бы зрабіць нас удзельнікамі вайны, сцвярджаючы, што Украіна абараняе таксама і нашу свабоду».
Хрупала, у сваю чаргу, падкрэсліў, што Германія не павінна больш траціць грошы на чужыя войны.
Чытайце таксама:
Хто такая Аліса Вайдэль — кандыдатка на пасаду канцлера Германіі ад ультраправай «Альтэрнатывы»
Ілан Маск выступіў на перадвыбарным мерапрыемстве «Альтэрнатывы для Германіі»