БЕЛ Ł РУС

Лівійская дэлегацыя абмяркоўвала ў Мінску ўзмацненне ВПС і мадэрнізацыю вайскова-марской базы ў Табруку

20.02.2025 / 19:51

Nashaniva.com

Візіт фельдмаршала Лівійскай нацыянальнай арміі (ЛНА) Халіфы Хафтара і ягоных сыноў Садама і Халеда быў накіраваны на ўмацаванне сувязяў з Мінскам у вайсковай сферы, піша Reform.news са спасылкай на Agenzia Nova.

Госці з Лівіі ў Мінску. Скрыншот з відэа

«Асноўнай мэтай [візіту] з'яўляецца ўзмацненне вайскова-паветраных сіл ЛНА, уключаючы тэхнічнае абслугоўванне і мадэрнізацыю расійскіх знішчальнікаў МіГ-29. У дадатак да паставак запчастак абмяркоўвалася падрыхтоўка лівійскіх пілотаў і развіццё кібербяспекі», — паведамляе выданне.

Крыніцы таксама звяртаюць увагу на яшчэ адну тэму абмеркаванняў: пытанне мадэрнізацыі вайскова-марскіх баз на ўсходзе Лівіі, уключаючы стратэгічна важны вайсковы аб'ект у Табруку. Гэты комплекс, размешчаны паблізу горада Камінес, за 60 кіламетрах ад Бенгазі, займае тэрыторыю больш за 5400 гектараў і ўключае авіябазу, марскі порт, навучальныя цэнтры і жылыя зоны для вайскоўцаў.

Пры гэтым афіцыйнай мэтай візіту, які пачаўся 17 лютага, пазначалася узаемадзеянне Лівіі і Беларусі ў гуманітарнай і сацыяльнай сферах, а таксама эканамічнае супрацоўніцтва.

Пра вайсковую тэматыку перамоў сведчыла сустрэча начальніка штаба сухапутных войскаў ЛНА генерал-лейтэнанта Садама Хафтара з міністрам абароны Беларусі Віктарам Хрэніным 18 лютага.

«Міністр абароны Беларусі высока ацаніў ролю ЛНА ў падтрыманні бяспекі і стабільнасці ў Лівіі, адзначыўшы, што стабільнасць Лівіі з'яўляецца ключавым фактарам стабільнасці рэгіёну», — паведаміла прэс-служба ЛНА.

У Лівіі цяпер ідзе грамадзянская вайна і цэнтральны ўрад у Трыпалі не кантралюе большую частку тэрыторыі краіны. На непадкантрольнай тэрыторыі акурат валадарыць Лівійская нацыянальная армія на чале з Халіфой Хафтарам, таму ён з'яўляецца не проста военачальнікам, а фактычна правіцелем гэтай тэрыторыі.

Хафтар мае цесныя сувязі з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, і менавіта ў Лівію, на кантраляваную ім тэрыторыю цяпер пераводзяцца войскі з вайсковых баз у Сірыі, якім стала там не вельмі ўтульна пасля зрынання рэжыму Башара Асада ў канцы мінулага года. Ва ўсходняй частцы Лівіі Расія спрабуе пашырыць авіябазу Аль-Хадым і стварыць вайскова-марскую базу ў Табруку.

Чытайце таксама:

Лукашэнка — лівійскаму фельдмаршалу: Вы прыехалі да сваіх сяброў, да сябе дадому

Лівійскага фельдмаршала Хафтара ў Мінск прывезлі на самалёце Лукашэнкі

У Беларусь прыляцеў галоўнакамандуючы Лівійскай нацыянальнай арміі з сынам і генераламі

Каментары да артыкула