Прызналі палітвязнямі яшчэ 14 чалавек
25 лютага праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 14 чалавек. Агульная колькасць людзей, якія на сёння прызнаныя ў Беларусі палітвязнямі, складае 1224 чалавекі.
У спіс палітзняволеных былі дададзеныя наступныя прозвішчы:
Віктар Саўчыц, Аляксей Горын, Сяргей Кабурнееў, Аляксандр Сезень, Юрый Залатухін, Леанід Церабей, Анатоль Крупін, Віктар Вараб'ёў, Аляксандр Яворскі, Сяргей Цераховіч, Карына Маліноўская, Юрый Кутузаў, Уладзімір Махнач, Алена Бадзяка.
Хто гэтыя людзі і чаму праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываванымі, можна даведацца тут.
Спіс усіх палітвязняў Беларусі — тут.
Усяго на гэты момант палітвязнямі, паводле ацэнак праваабаронцаў, прызнаныя 1224 чалавекі. Апошнім часам агульная іх колькасць істотна не расце і нават часам змяншаецца. Але гэта не таму, што рэпрэсіі ў Беларусі меншаюць, — проста паралельна з новымі выпадкамі зняволення па крымінальных справах ідзе працэс вызвалення тых асуджаных, хто цалкам адбыў свой тэрмін. Некаторых вызваляюць і па памілаваннях, хоць на іх месца няспынна набіраюць новых вязняў. Таксама суды некаторым прысуджаюць «хатнюю хімію», пасля чаго чалавек выходзіць з турэмных сцен, таму больш не лічыцца вязнем.
Варта таксама ўлічваць, што ў статыстыку ўваходзяць далёка не ўсе, хто знаходзіцца ў зняволенні з палітычных прычын, рэальная колькасць беларускіх палітвязняў большая. Пра некаторых праваабаронцам проста нічога не вядома.