Грамадства44

«Я не думала, што гэта будзе настолькі дорага». Колькі грошай выдаткоўваюць блізкія палітвязняў на іх падтрымку ў СІЗА і турме?

На адныя прысмакі, якія блізкія палітвязняў кладуць у перадачкі, можа пайсці 350 рублёў. Але акрамя ежы сваякі імкнуцца перадаваць лекі, адзенне і канцылярскія прыналежнасці. Так сума перадачкі можа дасягаць і 5000 рублёў. CityDog.io даведаўся ў беларускі, чыя сям'я знаходзіцца ў СІЗА, у колькі ёй абыходзіцца ўтрыманне блізкіх у зняволенні.

Фота ілюстрацыйнае

У Настассі (імя зменена) двое блізкіх сваякоў знаходзяцца ў СІЗА ўжо трэці месяц. Увесь гэты час дзяўчына перадае кожнаму з іх па чатыры пасылкі ў месяц, кладзе грошы на іх рахункі і аплачвае здымную кватэру, у якой яны жылі. Так мінімальная сума выдаткаў у месяц складае 1500€ (5000 руб.).

«З іх каля 300 руб. ідзе на пераводы, таму што не ўсе рэчы з перадачак прымаюцца. Гэта такая латарэя: што ў выніку дойдзе да зняволенага? Даведаемся мы гэта ўжо з лістоў.

Пераводы патрэбныя, каб людзі маглі купіць цыгарэты, мыла, пракладкі, туалетную паперу. Наколькі я разумею, у СІЗА няма вялікага ліміту на тавары. Але ў турме, напрыклад, можна купіць толькі адзін пачак пракладак у месяц».

«У СІЗА хутчэй за ўсё разыходзіцца ежа»

«Самі перадачкі выходзяць даражэй, таму што там бываюць затратныя куплі накшталт тэрмабялізны, лекаў і вітамінаў. Мы са сваякамі стараемся купляць дабаўкі да ежы, клятчатку ў таблетках — але ў нас яе пакуль ні разу не бралі, і мы праз гэта перажываем. Цяпер на перадачкі для дваіх у месяц у нас ідзе мінімум 1000€ (3400 руб.). Калі ёсць магчымасць, мы стараемся адпраўляць больш.

Хутчэй за ўсё ў СІЗА траціцца ежа. Таму мы стараемся класці ўсякія смакоткі, якія любяць блізкія, снэкі, але каб гэта было добрай якасці і не хутка псавалася. Перадаем сканворды, судоку, размалёўкі, паперу, алоўкі — гэта даволі хутка сканчваецца».

«Чэргі на перадачу пасылак расцягваюцца на цэлы дзень»

«Нам вельмі пашанцавала, што ўсё яшчэ ёсць блізкія сваякі ўнутры Беларусі, якія могуць перадаваць пасылкі, — гэта мая цётка і старэнькая бабуля. Адзіны дзень для перадачак — панядзелак. Гэта максімальна нязручна для людзей, якія працуюць. Таму ў асноўным прадукты перадае мая бабуля, але для яе вельмі цяжка стаяць у чарзе па 5-6 гадзін.

Раней я не ведала, што людзей, якія адносяць перадачкі, так шмат: чэргі расцягваюцца на цэлы дзень.

«Акрамя перадачак аплачваем крэдыты і здымнае жыллё»

«У маіх блізкіх цяпер ідзе следства, таму акрамя перадачак трэба аплачваць адваката — ён можа прыходзіць ад аднаго да чатырох разоў на тыдзень. Залежыць ад таго, як часта яго выклікаюць. Адзін візіт адваката абыходзіцца ў 400 руб. Таксама, калі сваяк трапляе ў СІЗА або турму, ягоныя грашовыя абавязацельствы пераходзяць на блізкіх. Напрыклад, у маіх сваякоў былі крэдыты, і, каб на іх нічога не вісела і ў будучыні не было праблем, мы іх выплачваем. У месяц гэта прыкладна 500 руб. Да таго ж мы аплачваем здымную кватэру, дзе жылі блізкія. Для Мінска гэта не вельмі вялікая сума, каля 150$ (490 руб.)».

«Не думала, што мне настолькі рана давядзецца ўтрымліваць сваю сям'ю»

«Я разумею, што знаходжуся ў прывілеяваным становішчы. Я не жыву ў Беларусі, і ў мяне ёсць плюс-мінус стабільны заробак. Цяпер большая частка майго заробку ідзе непасрэдна на ўтрыманне маёй сям'і.

Калі ўсё пачалося, я не думала, што гэта будзе настолькі дорага.

Часам думаю, што не ведаю сем'яў у Беларусі, якія могуць кожны месяц выдзяляць такую суму. Няхай гэта будзе 700€, але нават столькі многія людзі ў нас не зарабляюць. Па стане здароўя мне трэба рабіць аперацыю, і я яе адкладаю, таму што няма грошай.

Бывае, хочаш сабе нешта купіць, а ў цябе ў галаве круціцца, што лепш адправіць пабольш грошай блізкаму. Я не думала, што мне настолькі рана давядзецца ўтрымліваць сваю сям'ю».

CityDog.io пагаварыў з актывістамі ініцыятывы, якая дапамагае сваякам палітвязняў збіраць пасылкі ў СІЗА і калоніі. Са слоў актывістаў, за апошнія гады кошт перадачак вырас. Часам сем'і аддаюць па 3500 руб. за пасылкі з ежай і адзеннем.

— У колькі сям'і палітвязня абыходзіцца яго ўтрыманне ў турме?

— Залежыць ад таго, пра якія пасылкі і перадачы мы гаворым.

Напрыклад, да суда чалавеку пад вартай могуць перадаваць рэчы і прадукты кожны месяц. Улічваючы, што вага пасылак па пошце не ўваходзіць у агульную лічбу дазволенай вагі, якую прынясуць рукамі, то можна сябе не абмяжоўваць. Рэчы, напрыклад, адпраўляюць пасылкай, як і нешта цяжкае, а рукамі прыносяць свежае і самае неабходнае.

Па нашаму вопыту, у 2024 годзе ў сярэднім выдаткі склалі каля 500-700 руб. толькі на перадачы.

Таксама асобны артыкул выдаткаў — гэта калі чалавеку даюць пазбаўленне волі па выніках суда і яго збіраюць у калонію, пакуль ён яшчэ фізічна знаходзіцца ў СІЗА. Некаторыя вырашаюць перастрахавацца і адразу выслаць у СІЗА тое, што будзе трэба чалавеку ў калоніі: чорную вопратку, тэрмабялізну, гадзіннік, электрабрытву, абутак.

Праўда, і тут ёсць свае нюансы: на этапе гэта дадае вагі торбам, і гэта фізічна складана, бо часцей за ўсё людзі нясуць свае рэчы ў кайданках.

— Ці павялічыўся кошт пасылак, калі параўноўваць з 2020 годам?

— Вядома, прычым значна. Калі ў 2020-м магчыма было сабраць добрую перадачу на 500 руб., то цяпер гэта нерэальна. Мы нядаўна дапамагалі збіраць перадачы, і кошт адной выйшаў 1500 руб., а сям'і трэба было адправіць дзве — рэчавую і прадуктовую. Разам прыйшлося выдаткаваць 3500 руб.

Прычым людзі не закупляюць нешта ў дарагіх крамах, звычайна шукаюць на зніжках, дзесьці на рынку, дзесьці з анлайн-крам — імкнуцца максімальна аптымізаваць выдаткі.

— Што блізкія адпраўляюць палітвязням?

— Дазволеная прадуктовая перадача — 50 кг. Збіраюць яе так, каб чалавеку хапіла на доўгі перыяд. У яе імкнуцца пакласці:

  • касцюм;
  • чаравікі, тапкі;
  • розныя варыянты вусцілак;
  • крэм для абутку;
  • сшытак;
  • канверт;
  • вяхотку;
  • брытву, станкі для змены;
  • мыла, парашок, крэм, дэзадарант;
  • туалетную паперу.

У прадуктовых пасылках адпраўляюць:

  • да 10 кілаграмаў мяса, каўбасы, сала;
  • сыр;
  • шматкі (грачаныя, рысавыя),
  • сухое пюрэ;
  • прыправа;
  • какава, кава, чай;
  • арэхі;
  • сухафрукты;
  • шакалад, цукеркі, печыва;
  • цыгарэты;
  • гародніну і садавіну.

— У СІЗА і калоніях працуюць спецыяльныя крамы. У некаторых з іх можна заказаць прадукты анлайн. Наколькі асартымент такіх крам дазваляе пакрыць патрэбы зняволеных?

— Такая паслуга ёсць не ва ўсіх калоніях. Але, напрыклад, анлайн-крама ёсць у папраўчай калоніі №17 у Шклове. Выбар тавараў там, вядома, меншы, чым у гіпермаркетах. І ўсё ж лепш, калі такая магчымасць існуе, таму што не ўсе фізічна могуць адвезці перадачу.

Мы шмат разоў дапамагалі людзям з тым, каб адвезці ў калонію сумкі з прадуктамі, — і гэта асобная гісторыя. Калі пенсіянерка жыве ў вёсцы ў Гомельскай вобласці, а сын адбывае пакаранне ў Віцебску, то гэта няпроста.

Таму бывае, што лепш купіць сертыфікат. Некаторыя выдаткоўваюць па 1500 руб. на сертыфікаты, каб палітвязень мог купіць у краме тое, што яму трэба. Асабліва гэта актуальна для тых, у каго блізкія не змаглі застацца ў Беларусі і больш няма магчымасці самім збіраць перадачы. Таму такія крамы застаюцца адзіным выхадам, каб падтрымаць сваіх блізкіх.

— З якімі цяжкасцямі пры зборы і перадачы пасылак сутыкаюцца блізкія?

— Заўсёды ёсць фінансавыя складанасці, таму што гэта даволі накладна. А яшчэ больш накладна, калі перадачы супадаюць па таймінгу. Каб пазбегнуць гэтага, многія пачынаюць збіраць пасылкі загадзя і купляць патроху. Ёсць сем'і, якія круглы год збіраюць перадачы.

Часам сем'і саромеюцца і адмаўляюцца ад дапамогі, якую прапануюць актывісты і ініцыятывы. Таму мая адзіная парада — не адмаўляцца ад падтрымкі. Будзе лягчэй.

Каментары4

  • они в
    19.02.2025
    в тюрьме, а она платим ща сьём квартиру?
  • бред.
    19.02.2025
    если человек в тюрьме или армии идешь в жэс со справкой
  • Влад
    20.02.2025
    А остальные белорусы собирают деньги на налоги чтобы содержать этот режим!

Цяпер чытаюць

Біёлаг Сяргей Шэлег, якога асудзілі на 8,5 года за данаты, пасля раптоўнага вызвалення марыць і далей дапамагаць беларусам. Яго філасофія натхняе4

Біёлаг Сяргей Шэлег, якога асудзілі на 8,5 года за данаты, пасля раптоўнага вызвалення марыць і далей дапамагаць беларусам. Яго філасофія натхняе

Усе навіны →
Усе навіны

Новы законапраект па аграсядзібах закране сферу падаткаў і льготных крэдытаў

«Уражанне, што ты касманаўт, які вярнуўся з далёкага палёту». Былы палітвязень Андрэй Кузнечык расказаў пра сваю рэсацыялізацыю1

«Вынік 30-гадовага кіравання». Беларуска абурылася цэнамі на грушы3

Расійская статыстыка паказала, наколькі праз санкцыі прасеў імпарт аўто з Беларусі1

Хлопец кінуў свае красоўкі ў кантэйнер Чырвонага Крыжа ў Мюнхене. Праз тыдзень іх ужо прадавалі ў сэкандзе ў Босніі20

У абутковай кампаніі «Белвест» мільённыя даўгі і пытанне захавання прадпрыемства6

Трамп заявіў пра жаданне здзелкі з Расіяй. А ў Зяленскага ён запытае, што ў таго чуваць6

У Францыі падчас музычнага фестывалю 145 чалавек укалолі шпрыцамі2

Рэчыцкія прапагандысты апалчыліся на лялек Лабубу5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Біёлаг Сяргей Шэлег, якога асудзілі на 8,5 года за данаты, пасля раптоўнага вызвалення марыць і далей дапамагаць беларусам. Яго філасофія натхняе4

Біёлаг Сяргей Шэлег, якога асудзілі на 8,5 года за данаты, пасля раптоўнага вызвалення марыць і далей дапамагаць беларусам. Яго філасофія натхняе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць