БЕЛ Ł РУС

У ЗША думаюць, як здымаць санкцыі з Расіі

3.03.2025 / 23:56

Nashaniva.com

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа распрацоўвае план па змякчэнні санкцыйнага ціску на Расію ў рамках намаганняў па аднаўленні двухбаковых адносін. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на неназванага амерыканскага чыноўніка і крыніцу, знаёмую з сітуацыяй.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у 2019 годзе. Фота: Mikhail Svetlov/Getty Images

Паводле звестак суразмоўцаў агенцтва, Белы дом даручыў Дзярждэпартаменту і Міністэрству фінансаў падрыхтаваць пералік санкцыйных абмежаванняў, якія могуць быць аслабленыя. Гэты спіс будзе абмяркоўвацца з расійскім бокам у найбліжэйшы час у рамках перамоў, накіраваных на паляпшэнне дыпламатычных і эканамічных сувязяў паміж дзвюма дзяржавамі.

Як удакладняе Reuters, ЗША разглядаюць магчымасць адмены санкцый у дачыненні да шэрагу расійскіх юрыдычных і фізічных асоб, уключаючы некаторых алігархаў. Аднак пакуль незразумела, якія менавіта саступкі Вашынгтон можа запатрабаваць ад Масквы ў абмен на гэты крок.

Крыніцы агенцтва адзначаюць, што Белы дом даручыў распрацаваць магчымыя варыянты паслаблення санкцыйнага рэжыму яшчэ да таго, як Дональд Трамп працягнуў дзеянне надзвычайнага становішча ў сувязі з сітуацыяй ва Украіне. Гэты рэжым накладае абмежаванні на актывы і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Гэтыя санкцыі ўпершыню былі ўведзеныя адміністрацыяй Барака Абамы ў сакавіку 2014 года пасля анексіі Крыма, а пасля яны некалькі разоў пашыраліся, у тым ліку падчас першага прэзідэнцтва Трампа.

Міністр фінансаў ЗША Скот Бесэнт у інтэрвію Bloomberg 20 лютага заяўляў, што перспектывы паслаблення санкцыйнага ціску на Расію будуць залежаць ад яе пазіцыі ў перамовах аб спыненні агню ва Украіне.

Чытайце таксама:

Валэнса і лідары «Салідарнасці» звярнуліся да Трампа: Вы паводзілі сябе з Зяленскім як у камуністычным судзе

Латушка: ЗША перасталі быць лідарам вольнага свету

Фрыдрых Мерц заявіў, што канфлікт Зяленскага і Трампа быў загадзя спланаваны амерыканскай адміністрацыяй

Трамп можа ўжо сёння прыняць рашэнне аб поўным спыненні вайсковай дапамогі Украіне

Зяленскі не будзе выбачацца перад Трампам

Каментары да артыкула