Трамп заявіў, што пакуль не абмяркоўваў спынення вайсковай дапамогі Украіне
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў на прэс-канферэнцыі, што ён «не казаў» пра прыпыненне вайсковай дапамогі Украіне пасля сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім.
Дональд Трамп. Фота: Anna Moneymaker / Getty Images
«Паглядзім, што будзе далей», — сказаў прэзідэнт ЗША.
Каментуючы словы Зяленскага пра тое, што канец вайны яшчэ вельмі далёка, Трамп сказаў: «Лепш бы ён памыляўся».
Па словах амерыканскага прэзідэнта, любое пагадненне аб міры павінна быць дасягнута з Расіяй і Украінай, пры «ўхваленні і згодзе» Еўропы і ЗША.
«Магчыма, хтосьці не хоча ісці на здзелку», сказаў Трамп, але гэтыя людзі «доўга не пратрымаюцца».
Ён дадаў, што, на ягоную думку, і Расія, і ўкраінскі народ хочуць дамагчыся міру.
У той жа час дарадца Трампа па нацыянальнай бяспецы Майкл Уолц 3 сакавіка заявіў, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША па-ранейшаму адкрытая для перамоваў з Зяленскім.
«Мы гатовыя да такіх абмеркаванняў. Мы ўжо правялі іх з расіянамі ў Эр-Рыядзе. Мы гатовыя да дыялогу з украінцамі, а затым да пасрэдніцкай дыпламатыі. Але нам трэба пачуць гэта ад самога Зяленскага — і пачуць публічна», — сказаў ён у інтэрв'ю Fox News.
Уолц адзначыў, што Белы дом «будзе правяраць абодва бакі», каб зразумець, наколькі яны гатовыя да кампрамісу.
«Нам трэба пачуць ад прэзідэнта Зяленскага, што ён шкадуе пра тое, што здарылася, гатовы падпісаць пагадненне аб карысных выкапнях і прыступіць да мірных перамоваў», — сказаў Уолц, маючы на ўвазе канфлікт, які адбыўся паміж Дональдам Трампам, віцэ-прэзідэнтам ЗША Джэй Дзі Вэнсам і Зяленскім 28 лютага ў Белым доме.
«Я не думаю, што гэта занадта вялікая просьба», — дадаў Уолц.
Чытайце таксама:
У ЗША думаюць, як здымаць санкцыі з Расіі
Зяленскі не будзе выбачацца перад Трампам
Зяленскі адказаў сенатару, які заклікаў яго пайсці ў адстаўку