Трох парасят пакінулі паміраць з голаду на мастацкай выставе. Але жывёлы зніклі
Дацкі мастак хацеў прыцягнуць увагу да жорсткасці свінагадоўчай прамысловасці. Але яго падыход не ацанілі. Інсталяцыя з жывымі парасятамі выклікала хвалю абурэння. На наступную раніцу пасля адкрыцця парасяты зніклі. Што ж здарылася?
Тры парасяты на выставе ў Капенгагене. Фота: margot_segrin / Х
Дацкі мастак Марка Эварысці (Marco Evaristti) вядомы сваімі правакацыйнымі праектамі, якія кідаюць выклік грамадству. Гэтым разам ён вырашыў прыцягнуць увагу да жорсткасці дацкай свінагадоўчай прамысловасці.
У краіне налічваецца каля 5000 свінагадоўчых ферм, на якіх кожны год выгадоўваецца каля 28 мільёнаў свіней. Каля 90% усёй прадукцыі ідзе на экспарт, што складае 5% ад агульнага аб'ёму экспарту краіны.
Пры такім высокім попыце фермеры пачалі разводзіць свінаматак для атрымання большага прыплоду, што, па словах даследчыкаў з Орхускага ўніверсітэта, прывяло да павелічэння смяротнасці парасят.
Так, у 2020 годзе смяротнасць парасят у першыя тыдні жыцця ў Даніі склала каля 23% — штодня памірала больш за 25 000 жывёл.
Эварысці заявіў, што хоча паказаць грамадству сапраўдную цану вытворчасці свініны. Для гэтага ў Капенгагене ён арганізаваў выставу «А цяпер вам не ўсё роўна?». У рамках інсталяцыі мастак змясціў трох жывых парасят у клеткі, усталяваныя ў дзвюх прадуктовых калясках, і абвясціў, што пакіне іх паміраць ад голаду. Паводле яго слоў, гэта было неабходна, каб «адкрыць вочы грамадству».
Агульны выгляд інсталяцыі. Фота: margot_segrin / Х
Выстава выклікала хвалю абурэння, як адзначае The Washington Post. Многія датчане палічылі яе негуманнай, а некаторыя пачалі пагражаць мастаку. Адзін з дацкіх палітыкаў назваў яго вычварэнцам, а арганізацыя па абароне жывёл падала заяву ў паліцыю.
Аднак ужо на наступны дзень выстава была сарваная — парасяты зніклі. Эварысці звярнуўся ў паліцыю, заявіўшы пра крадзеж. Праз некалькі дзён высветлілася, што ніякага злачынства не было.
Чалавекам, які спрычыніўся да знікнення парасят, аказаўся Каспер Стэфенсан (Casper Steffensen) — кінарэжысёр, які пяць гадоў працаваў разам з Эварысці над дакументальным фільмам. Ён прызнаўся, што з самага пачатку падкормліваў жывёл, нягледзячы на забарону.
Стэфенсан асабліва моцна прывязаўся да парасят пасля таго, як прывёў на выставу сваіх двух дзяцей. Убачыўшы парасят, яго 10-гадовая дачка заплакала і спытала, ці сапраўды іх пакінуць паміраць. У той момант ён паспрабаваў патлумачыць ёй канцэпцыю выставы і яе важнасць, але сам стаў перад цяжкім маральным выбарам.
Па словах Стэфенсана, спачатку, калі прадстаўнік арганізацыі супраць пакут жывёл (OASA) звярнуўся да яго ў першы дзень выставы, ён цвёрда адмовіўся аддаваць парасят, бо не хацеў нашкодзіць праекту Эварысці. Але ў наступную ноч не мог заснуць — думкі пра парасят не давалі яму спакою. Раніцай ён патэлефанаваў прадстаўніку OASA і папрасіў прыйсці да таго, як Эварысці з’явіцца ў галерэі.
«Я прыняў хуткае і, магчыма, неабдуманае рашэнне, але я ім ганаруся», — сказаў Стэфенсан.
Калі мастак даведаўся праўду, то не стаў хаваць свайго расчаравання. Ён заявіў, што нягледзячы на грамадскае абурэнне, пагрозы, знікненне парасят і маральныя спрэчкі, ён не адмовіцца ад сваёй ідэі.
Цяпер Эварысці плануе на адной з свінагадоўчых ферм выкрасці трупы парасят і выставіць іх у шкляным халадзільніку. Мастак лічыць, што Данія павінна адчуць сорам за свае метады вытворчасці мяса.
Тым часам арганізацыя OASA паведаміла, што выратаваныя парасяты знаходзяцца пад іх апекай, адчуваюць сябе цудоўна і паводзяць сябе, як «вясёлыя маленькія шчанюкі».
Чытайце таксама:
«Ці можна іх карміць марозівам?» З’явілася кніжка пра тое, што ядуць жывёлы
Суд абавязаў жанчыну прадаць свае чатыры каровы калгасу пад Гомелем