БЕЛ Ł РУС

Дэлегацыя М’янмы дамаўлялася ў Беларусі пра пастаўкі зброі

10.03.2025 / 16:49

Nashaniva.com

Кіраўнік вайсковага ўрада М’янмы Мін Аун Хлайн мог абмяркоўваць у Мінску пастаўкі зброі, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на м'янманскую прэсу.

Мін Аун Хлайн з Аляксандрам Лукашэнкам. Фота: БелТА

Падчас візіту Мін Аун Хлайн правёў сустрэчы з афіцыйнымі асобамі Беларусі і ўзяў удзел у бізнэс-форуме, які прайшоў у мінскім «Прэзідэнт-гатэлі», паведаміла выданне Mizzima News Media, заснаванае ў 1998 годзе ў Індыі ветэранамі дэмакратычнага паўстання ў М’янме ў 1988 годзе. 

«Падчас візіту Мін Аун Хлайн абмеркаваў пытанні эканамічнага і гандлёвага супрацоўніцтва і бяспекі, уключаючы пастаўкі зброі», — адзначаецца ў матэрыяле выдання.

Журналісты нагадалі, што ў справаздачы прадэмакратычнага руху Justice for Myanmar за 2022 год Беларусь была адзначана як адна з краін, што пастаўляе зброю вайсковаму рэжыму М’янмы.

У выданні нагадалі, што Беларусь у 2021 годзе выступіла супраць рэзалюцыі ААН, у якой асуджалі вайсковы пераварот. У верасні 2023 года М’янма акрэдытавала ў Беларусі свайго вайсковага аташэ.

7 сакавіка кіраўнік вайсковага ўрада М’янмы Мін Аун Хлайн, які прыехаў у Мінск адразу пасля перамоў у Маскве з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

Мін Аун Хлайн узначаліў вайсковы ўрад М’янмы ў выніку перавароту ў жніўні 2021 года. Да гэтага ён камандаваў Узброенымі сіламі краіны. Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на ягоны арышт.

Чытайце таксама:

Лукашэнка паедзе ў М'янму

У Беларусь прыязджае прэм'ер-міністр М'янмы

Прапагандыст Шпакоўскі парадаваў чыноўнікаў у М'янме кнігамі і песнямі

Рыжанкоў паляцеў на два дні ў М'янму

Каментары да артыкула