Касы самаабслугоўвання сталі патрабаваць ад беларусаў сканаваць адразу па два коды. Навошта?
10.03.2025 / 17:32
Касы самаабслугоўвання ў гандлёвай сетцы «Еўраопт» для многіх пакупнікоў сталі ўжо звыклымі і простымі ў абыходжанні. Аднак на мінулым тыдні некаторыя маглі заўважыць незвычайнае новаўвядзенне як мінімум у адным з гіпермаркетаў. Для таго каб дадаць тавар у кошык, цяпер патрабуецца сканаваць не толькі стандартны штрых-код, але і QR-код. Журналістка Telegraf.news патэлефанавала ў адну з крамаў як пакупніца, каб даведацца, з чым звязаныя змены ў працы кас самаабслугоўвання і як паскорыць працэс куплі тавару.
Незвычайнае новаўвядзенне заўважыў журналіст Telegraf.news у гіпермаркеце сеткі «Еўраопт» на вуліцы Мантажнікаў у Мінску. Пры спробе адсканаваць тавар на касе самаабслугоўвання праграма запатрабавала не толькі штрых-код, але і QR-код з упакоўкі.
Каб дадаць тавар у кошык, давялося сканаваць яго два, а часам і тры разы. На некаторых прадуктах было некалькі QR-кодаў, і не ўсе яны падыходзілі для аплаты. Акрамя таго, калі спачатку адсканаваць штрых-код, то праграма запытвала QR-код, а калі пачаць з QR-кода — патрабаваўся штрых-код.
У лік тавараў, для якіх спатрэбілася падвойнае сканаванне, трапілі сок, сыр, малако і кава.
Каб высветліць прычыну зменаў, журналісты звярнуліся на гарачую лінію «Еўраопта». Аднак там не змаглі даць тлумачэнні і параілі звязацца з канкрэтнай крамай, дзе было заўважана новаўвядзенне.
Фота: Telegraf.news
Супрацоўнікі сталічнага гіпермаркета «Еўраопт» растлумачылі, што дакладныя прычыны новаўвядзення невядомыя. Па іх словах, гэта тэставанне новай функцыі ў рамках ужо наяўнай праграмы, якое праводзіцца ва ўсёй гандлёвай сетцы.
«Мы ж ужо ўсе так мучаемся. Адзінае, што магу вам падказаць, прабівайце не штрых-код, а адразу QR-код. Вы прабіваеце QR-код — і штрых-код ён не запытвае. Калі вы купляеце некалькі аднолькавых слоічкаў, вы не зможаце, як раней, дадаць колькасць, паставіць тры. Прыйдзецца сканаваць па аднаму слоічку. Але з QR-кодам яно праходзіць адразу» — патлумачыла супрацоўніца.
Праўда, калі журналіст Telegraf.news спрабаваў прымяніць стратэгію «сканаваць толькі QR-код», яна не спрацавала. Аднак з моманту тэставання нешта магло змяніцца.
Супрацоўніца таксама ўдакладніла, што новаўвядзенне тычыцца не ўсіх тавараў, а толькі асобных катэгорый — малочных прадуктаў і напояў. Як доўга будзе праходзіць тэставы перыяд і ці будзе новаўвядзенне ўведзена на пастаяннай аснове, у краме не ведаюць.
Чытайце таксама:
У Мінску адкрыўся новы вялізны сэканд-хэнд
Буйны пастаўшчык гаспадарчых тавараў і посуду будуе новую сетку крамаў у Мінску
«Улік надою». Расійскі банк спрабуе хітра абысці санкцыі — ён замаскіраваўся пад дадатак для даярак
У Брэсце несумленны пакупнік вярнуў у краму стары няспраўны тавар замест новага