БЕЛ Ł РУС

Расійскія сімкі шмат каго з беларусаў заблакуюць, а аўтобусы ў Піцер застануцца без Wi-Fi

17.03.2025 / 10:44

Nashaniva.com

Дырэктар турфірмы расказаў пра сюрпрызы з сувяззю ў Расіі для беларускіх турыстаў.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: «Наша Ніва»

Дырэктар турыстычнай фірмы «Славія Тур» Дзмітрый Мілаванаў у тыктоку тлумачыць: адмена роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй — фактычна ніякая не адмена.

— Проста з’явіліся цікавыя тарыфы. Як і абяцаў, на бліжэйшым рэйсе ў Санкт-Пецярбург мы ўсё выпрабавалі. Сапраўды, нічога дадаткова падключаць не трэба, у вас адразу з’яўляецца 5 гігабайт інтэрнэту. Вядома, важна перад паездкай удакладніць усё ў свайго мабільнага аператара. Можа, у вас не падключана аўтаматычна паслуга роўмінгу ці нейкі іншы тарыф.

Дзмітрый адзначае, што больш-менш усё працавала, але 5 гігабайт — гэта, вядома, даволі мала ў сучасных умовах. Плюс яны не бясплатныя, а каштуюць 25 рублёў.

— Пасля таго, як гігабайты скончацца, вы можаце набыць яшчэ адзін пакет. Здаецца, ён каштуе 35 рублёў. Але больш купіць нельга. То-бок далей пойдзе аплата за кожны мегабайт, і гэта будзе нашмат даражэй.

@mil0van0v

Важные вопросы про роуминг, сим карты и интернет в России

♬ оригинальный звук - Milovan0v

Але самым непрыемным Дзмітрый называе тое, што цяпер беларусам, якія не маюць рэгістрацыі ў Расіі, нельга набываць там сім-карты.

— Сёлета ў студзені ў Расіі ўнеслі змены ў закон аб сувязі. Галоўнае, што тычыцца нас, — без рэгістрацыі (хаця б часовай) немагчыма купіць сім-карты. А ўсе сім-карты, якія вы набылі раней (у нас яны таксама былі), здаецца, будуць працаваць да 1 ліпеня. То-бок іх адключаць.

Раней расійскія СМІ пісалі, што па ўсіх аформленых да 1 студзеня 2025 года сім-картах неабходна перааформіць дамову з аператарам сувязі да 1 ліпеня 2025 года. Пры гэтым замежным грамадзянам дазваляюць на адзін пашпарт аформіць не больш за 10 сімак (расіянам — не больш за 20). Нумары, па якіх не будуць перазаключаны дагаворы, пасля 1 ліпеня адключаць.

Заключаць або пераафармляць дамовы аб аказанні паслуг мабільнай сувязі анлайн забараняецца. Неабходна асабістая прысутнасць у салоне аператара сувязі.

Дзмітрый сцвярджае, што яго супрацоўніцы, якія суправаджалі тур у Санкт-Пецярбург, заходзілі ў салоны «Мегафон» і «Білайн». Яны спрабавалі высветліць, як беларусам усё ж набываць сімкі — высветлілася, што без рэгістрацыі ў Расіі шансаў нуль.

— Гэта значыць, што для нас застаўся толькі інтэрнэт у межах «адмены роўмінгу» — ну і ў расійскіх гатэлях. А яшчэ больш жудаснае, што з гэтага вынікае — у нашых аўтобусах больш не будзе інтэрнэту. Бо ўсе нашы роўтары працавалі праз расійскія сім-карты.

Дырэктар кажа, што, паколькі турфірма беларуская і ні ў каго з супрацоўнікаў няма рэгістрацыі ў Расіі, яны не могуць набыць новыя сім-карты для ўсіх аўтобусаў.

— Нават калі як-небудзь праз сябра набыць адну-дзве сім-карты, гэта не вырашыць праблему. У нас у сезон ездзіць каля 25 аўтобусаў на розных кірунках. Набыць 25 левых сімак практычна немагчыма. Устаўляць у роўтары беларускія сімкі з роўмінгам — дык там усяго 5 гігабайт, іх ні на што не хопіць.

Дзмітрый жартуе, што суправаджаючым стане прасцей, бо знікне прэтэнзія, чаму інтэрнэт у аўтобусе не працуе.

— Чаму не працуе інтэрнэт? Бо яго няма. Я разумею, што гэта ўсё робіцца ў мэтах бяспекі, каб усё кантраляваць, каб ніхто левы ў інтэрнэт не заходзіў, сімкі не набываў. Але для турызму гэта ўсё ўскладняе жыццё.

Чытайце таксама:

«Я нешта націснуў — і ў мяне мінус 20 рублёў!» Беларусы расказалі, як неспадзявана можна згубіць грошы з балансу тэлефона

Лукашэнка і Пуцін дамовіліся па роўмінгу. Вось колькі будзе каштаваць інтэрнэт

Галоўчанка назваў дату, калі адменяць роўмінг з Расіяй

Каментары да артыкула