«Я нешта націснуў — і ў мяне мінус 20 рублёў!» Беларусы расказалі, як неспадзявана можна згубіць грошы з балансу тэлефона
Гісторый, калі мабільны аператар выстаўляе вялікі рахунак за свае паслугі, і гэта становіцца для абанента поўным адкрыццём — вельмі шмат. Чытачы выдання «Моцныя навіны» расказалі, як з-за выпадковасці, памылкі ці хітрасці аператара гублялі грошы з балансу тэлефона.

«Я нешта націснуў — і ў мяне мінус дваццаць рублёў!»
Першай гісторыяй падзяліўся гамяльчук Аляксей. Кур'ёз адбыўся не з ім асабіста, а з ягоным бацькам, які тады толькі-толькі асвойваў мабільны інтэрнэт. У гэтым выпадку ўсё скончылася, на шчасце, хэпі-эндам.
«Год 2017-ы, тэлефануе мне засмучаны бацька. Расказвае, што, маўляў, я на тэлефоне нешта націснуў, і ў мяне мінус 20 рублёў. Ён у мяне пенсіянер, нарадзіўся яшчэ да палёту Гагарына ў космас, а з тэлефонам, як гэта часта бывае, «на вы і шэптам».
Тэлефаную мабільнаму аператару — адказвае дзяўчына з прыемным голасам. Цікаўлюся: што там мой бацька сабе нападключаў? А там паслугі, якія нават самаму прасунутаму пенсіянеру ну зусім не патрэбныя.
Цікаўлюся ў дзяўчыны: як быць? Маўляў, вы ж самі выдатна разумееце, што ўсяму віной банальная чалавечая памылка. Паглядзіце ягоную дату нараджэння. Палову слоў, якія вы зараз вымавілі, ён і ведаць не ведае. Лэдзі ўвайшла ў становішча: «Пачакайце хвілінку, я вас пераключу», — дзеліцца Аляксей.
«Далей голас ужо мужчынскі і больш сур'ёзны. Я ў фарбах абмалёўваю сітуацыю. Мяне ўважліва выслухалі і… адключылі ўсе непатрэбныя паслугі, і што галоўнае — вярнулі грошы на баланс! Ні мне, ні бацьку, нават не давялося кудысьці ісці і падпісваць нейкія паперы. Бацька абышоўся тады лёгкім спалохам, ну і невялікім утыканнем, каб не націскаў, чаго не трэба», — успомніў чытач.
Уся гэта справа, як бачна, скончылася спрыяльна для Аляксея і ягонага бацькі. Але так бывае далёка не заўсёды.
«Падключыў» паслугу, не жадаючы таго, і… забыўся!
У Арцёма адбылася гісторыя, з якой многія напэўна сутыкаліся: мабільны аператар сам падключаў нейкія паслугі без ведама абанента. Дарэчы, цяпер такое не пракоціць. Нядаўна ўлады забаранілі мабільным аператарам падключаць платныя паслугі без запыту абанента.
Але ў Арцёма праблема ўзнікла яшчэ да таго.
«Аднойчы мне прыйшло паведамленне, што на мой тэлефон падключаная нейкая паслуга, звязаная з кнігамі. Нешта кшталту доступу да анлайн-бібліятэкі. А мне гэтая паслуга наогул не патрэбна была, я яе сам ніколі не падключыў бы. У момант атрымання паведамлення я быў заняты, вырашыў, што разбяруся з гэтым потым. У выніку забыўся», — расказвае Арцём.
Як гэта часта і бывае, малады чалавек успомніў пра гэта праз нейкі час, калі з тэлефона пачалі спісвацца грошы, пры гэтым больш, чым звычайна.
«Тады ўжо перачытаў паведамленне, улез у мабільны дадатак аператара і адключыў паслугу. Нікуды разбірацца не хадзіў, таму што страціў усяго некалькі рублёў, але сама па сабе сітуацыя раззлавала. Чаму мабільны аператар можа без майго ведама падключыць мне нейкую паслугу і спісваць мае грошы?»
Выпадкова ўключыў «перадачу даных» на некалькі секундаў
А ў наступнай гісторыіс зноў недарэчная выпадковасць. Сваім кур'ёзам падзяліўся Дзмітрый, які прыкладна год таму прыехаў на адзін дзень у Літву. Роўмінг ён пры гэтым вырашыў не падключаць, а карыстацца Wi-Fi у розных кавярнях і іншых установах.
«Пасля перасячэння мяжы мне на тэлефон сталі прыходзіць SMS-паведамленні з прапановамі падключыцца да роўмінгу ад розных аператараў. Але я ўсё гэта ігнараваў. Потым дабраўся да кавярні, заказаў абед, падключыўся да Wi-Fi і стаў лазіць у інтэрнэце. У нейкі момант захацеў зрабіць скрыншот, але замест гэтага выпадкова націснуў на «перадачу звестак» і ўключыў мабільны інтэрнэт. Літаральна праз пару секунд адключыўся, але некалькі кілабайтаў інфармацыі на мой тэлефон усё ж такі трапілі», — дзеліцца Дзмітрый.
Адгадаеце, колькі хлопцу каштавалі тыя самыя некалькі кілабайтаў? Больш за 20 рублёў! Больш за тое — небарака «пайшоў у мінус».
«Даказваць камусьці нешта было без толку. Я быццам бы інтэрнэтам не карыстаўся, падключыў выпадкова, але пару кілабайтаў усё ж «з'еў» і на такой недарэчнай выпадковасці страціў больш за 20 рублёў», — расказаў хлопец.
Клянчыла грошы ў бабуль, каб пагасіць доўг
Ну і куды ж без падлеткавай бестурботнасці, якая можа ўляцець у салідную капейчыну? Сваю гісторыю расказала Марыя, якая, відавочна, вельмі любіла паслухаць музыку на тэлефоне.
«Мне тады было ўсяго 15 гадоў, мабільны інтэрнэт яшчэ быў нейкай навінкай, усіх тонкасцяў і нюансаў якога па маладосці гадоў я не разумела.
І неяк раз уключыла інтэрнэт і вырашыла напампаваць на тэлефон музыкі. Пакуль разбіралася, што да чаго — на балансе ўжо велізарны мінус, цяпер гэта было б прыкладна 30 рублёў. Вось уліпла, падумала я тады. Бацькам вырашыла нічога не казаць, інакш мяне чакаў бы добры наганяй. Яны і цяпер не ведаюць гэтай гісторыі.
Як у выніку пагасіла запазычанасць? Клянчыла ў сваіх бабуль, маўляў, на кішэнныя выдаткі, і пайшла працаваць — расклейваць аб'явы. З горам напалову доўг усё ж пагасіла сама», — падзялілася Марыя.
200 рублёў за 10 мегабайт трафіку
А «чэмпіёнам» па страчаных грашах можна назваць гамельчука, які пару гадоў таму паехаў да сваіх знаёмых у Брусэль. Малады чалавек быў у Бельгіі першы раз, але загадзя дамовіўся сустрэцца са сваім сябрам каля адной станцыі метро.
Хлопец пры гэтым вырашыў не купляць еўрапейскую сім-карту, бо ў аэрапорце працаваў Wi-Fi, а ўвесь астатні час ён меркаваў быць з сябрамі.
«Але ўсё пайшло не па плане, я крыху заблукаў і размінуўся з сябрам у краіне, дзе быў упершыню. Ён мне пакідаў свой адрас, ад метро можна было дайсці за 20 хвілін. Але трэба было глянуць Google Карты. Цяпер яны працуюць у рэжыме афлайн, але пару гадоў таму такога не было.
Датэлефанавацца з беларускай сімкі чамусьці не атрымалася, у метро Wi-Fi не было, а час ужо позні — кавярні былі зачыненыя. Застаўся адзіны варыянт: уключыць мабільны інтэрнэт. Я ведаў, што там дарагая тарыфікацыя, але я не меркаваў, што ўсё настолькі жудасна…», — расказаў гамяльчук.
Ён уключыў мабільны інтэрнэт, сімка злавіла мясцовага аператара Orange. Хлопец адкрыў Google Карты, увёў адрас сябра, паглядзеў, куды ісці (шлях быў просты), і амаль адразу выключыў інтэрнэт.
Ну, а далей пачалося цікавае.
«Трафіку (аператар афіцыйна гэта потым пацвердзіў і зафіксаваў) было патрачана няшмат: крыху больш за 9 «метраў». Столькі важыць, напрыклад, фота на тэлефоне ў дрэннай якасці. Ну, а далей пачаліся сюрпрызы… Спачатку прыйшла SMS, што ў мяне — мінус 50 рублёў і мне трэба хутчэй папоўніць рахунак. Потым SMS ужо не прыходзілі, але на наступны дзень маю сімку паставілі на поўнае блакаванне. Мне не маглі датэлефанавацца ні жонка, ні партнёры па працы. Я прапусціў некалькі важных званкоў. Толькі калі я падключаўся дзесьці па Wi-Fi, мог звязвацца праз месенджары. Увогуле, аператар увёў мяне ў поўную тэлефонную ізаляцыю, адключыўшы ўсе віды выклікаў, інтэрнэт і SMS…», — успамінае малады чалавек.
Калі ён прыехаў у Гомель, то адразу пайшоў у офіс мабільнага аператара на праспекце Леніна.
«Якога-небудзь разумення ці спробы ўвайсці ў сітуацыю я не пачуў. Наадварот, супрацоўніца мне ў манеры хіхікання сказала, маўляў, вам яшчэ пашанцавала, што вы трапілі толькі на 200 рублёў. Вунь, людзі нядаўна ў Катар ездзілі, інтэрнэт уключылі, трапілі на 5 тысяч!», — дзеліцца чытач.
Цярпець такога гамяльчук не стаў. Напісаў абскарджанне, але на яго прыйшла пісьмовая адмова.
«Давялося заплаціць гэтыя 200 рублёў за 10 мегабайт, але пытанняў, шчыра сказаць, засталося шмат… Адкуль узяліся такія неадэкватна шалёныя тарыфы?», — гаворыць пацярпелы.
«Чаму sim-карта ўваходзіць у поўнае блакаванне, якое магчыма зняць, толькі аплаціўшы ўсю суму? Яшчэ засталося без адказу маё пытанне: чаму ў мяне была аплата па факце і 20 рублёў я плаціў у канцы кожнага месяца, а цяпер, каб знялі блакаванне, я павінен быў заплаціць 220 рублёў, гэта значыць пагасіць агульны мінус, улічваючы, што 20 рублёў я яшчэ па тэрмінах не павінен быў плаціць…», — успамінае малады чалавек.
Акрамя пытанняў, якія так і павіслі без адказу, у гамельчука застаўся яшчэ і той самы асадак…
«Гэтая сітуацыя мяне тады вельмі выбіла з каляіны: і тым, што адразу застаўся без сувязі, і тым, што ні на якія саступкі аператар не пайшоў. І яшчэ хачу дадаць, што ні пры якім раскладзе 10 мегабайт трафіку не могуць каштаваць 200 рублёў. Гэта папахвае тупа разводам», — упэўнены суразмоўца.
«У нас фобія жывой камунікацыі. А сэкс менш важны, чым для мінулых пакаленняў». Зумеры адказваюць на прэтэнзіі да свайго ладу жыцця
«Яшчэ ў школе дамовіліся, што калі да 30 не завядзем сем'і, то пажэнімся». Гісторыі беларускіх пар, якія пазнаёміліся падчас вучобы
Дзіця згубіла гадзіннік з SIM-картай, а хтосьці аформіў на яе «крэдыт», але спаліўся на дробязі
Каментары