БЕЛ Ł РУС

Лойка пра будучага пераемніка Лукашэнкі: Адчуваецца, што дзядуля рыхтуецца, прыкідвае і глядзіць варыянты

16.03.2025 / 10:14

Nashaniva.com

У новым аналітычным выпуску ТОКу эканамічная аглядальніца Вольга Лойка паразважала, каго б выбраў Лукашэнка ў свае пераемнікі.

Фота: Sean Gallup / Getty Images

Падчас размовы Вольгу Лойка папрасілі пракаментаваць словы Лукашэнкі аб прэзідэнцкіх амбіцыях новапрызначанага прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына.

Аглядальніца заўважыла, што яшчэ нядаўна размовы на такую тэму маглі быць небяспечнымі:

«Я ў 2019-м напісала тэкст, што вельмі лёгка падштурхнуць на гэтую апошнюю верхнюю прыступку спадара Макея. Калі не, то ёсць Турчын, і Дзмітрый Мікалаевіч Круты, калі вырасце. Ну пажартавала, што называецца.

Пасля гэтага мне прыляцела па вушах: «А можна нашы прозвішчы не называць?» Ну проста таму, што ў Беларусі, калі ты пацвярджаеш нейкія амбіцыі, гэта выклікае вельмі вялікія пытанні».

Зараз жа, даводзіць Лойка, сітуацыя змянілася. Лукашэнка ўсё часцей заводзіць размовы пра пераемніка:

«Зараз сітуацыя мяняецца. Амбіцыі ці не амбіцыі [Турчына], але і з Крутым Лукашэнка ўжо так жартуе на тэму пераемніцтва. Адчуваецца, што дзядуля рыхтуецца, прыкідвае і глядзіць варыянты».

Па словах эканамічнай аглядальніцы, калі б Лукашэнка выбіраў свайго пераемніка проста цяпер, то з пары Турчын-Круты ён бы абраў Турчына. І тлумачыць, чаму:

«Мне здаецца, што калі б ён выбіраў прама зараз, ён бы абраў з іх слабейшага. І магчыма, з вялікай верагоднасцю, гэта стаў бы ўсё ж Аляксандр Генрыхавіч [Турчын]. Слабейшага не як прафесіянала, проста па палітычнай вазе. Проста Дзмітрый Мікалаевіч [Круты] больш набраў за апошнія гады. Калі ты на гаспадарцы, ты заўсёды крышку ў ценю».

У той жа час, як лічыць Лойка, «перспектывы ў абодвух выдатныя. І гэты варыянт для Беларусі вельмі нядрэнны. Наколькі гэта ўвогуле магчыма ў цяперашніх умовах».

Глядзіце цалкам:

Чытайце таксама:

Чалы расказаў, чаму ставіў на Крутога і ў чым памылка Лукашэнкі

Вольга Лойка лічыць вываз усіх беларускіх палітвязняў за мяжу добрым варыянтам

«Па гаўне вы павінны пахадзіць». Лукашэнка апраўдваўся перад расіянамі за прызначэнне Турчына

Каментары да артыкула