«Упершыню за 83 гады легендарны «Голас Амерыкі» змушаны змоўкнуць»
Больш за 1300 супрацоўнікаў «Голасу Амерыкі» былі адпраўленыя ў адпачынак у суботу, а фінансаванне дзвюх амерыканскіх навінавых службаў, якія вяшчаюць для аўтарытарных рэжымаў, было спынена. Гэта адбылося на наступны дзень пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп загадаў скараціць дзейнасць мацярынскай кампаніі гэтага дзяржаўнага СМІ і яшчэ шасці федэральных устаноў.
Фота: AP Photo / Andrew Harnik
Дырэктар «Голасу Амерыкі» Майкл Абрамавіц заявіў, што амаль увесь яго штат — 1300 журналістаў, прадзюсараў і памочнікаў — быў адпраўлены ў адміністрацыйны адпачынак, што паралізавала працу медыярэсурсу, які вядзе вяшчанне амаль на 50 мовах.
«Я глыбока засмучаны тым, што ўпершыню за 83 гады легендарны «Голас Амерыкі» змушаны змоўкнуць», — напісаў Абрамавіц у сацсектах, адзначыўшы, што гэтае медыя адыгрывала важную ролю «ў барацьбе за свабоду і дэмакратыю ва ўсім свеце».
Мацярынская структура VOA — Амерыканскае агенцтва глабальных медыя (USAGM) — таксама спыніла фінансаванне «Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода», якое вяшчае для краін Усходняй Еўропы, уключаючы Расію і Украіну, а таксама «Радыё Свабодная Азія», што ахоплівае Кітай і Паўночную Карэю.
Загады Трампа могуць цалкам разбурыць арганізацыю, якая з’яўляецца крыніцай надзейных навінаў у аўтарытарных краінах.
Заснаваны ў 1942 годзе для супрацьдзеяння нацысцкай прапагандзе, «Голас Амерыкі» цяпер ахоплівае 360 мільёнаў чалавек штотыдзень. Паводле апошняй справаздачы перад Кангрэсам, у 2024 годзе Амерыканскае агенцтва глабальных медыя (USAGM) налічвала каля 3500 супрацоўнікаў і мела бюджэт у 886 мільёнаў долараў.
Кіраўнік сеульскага бюро VOA Уільям Гала заявіў у нядзелю, што яго адключылі ад усіх сістэм і акаўнтаў кампаніі.
«Я толькі хацеў працаваць сумленна і гаварыць праўду, незалежна ад таго, пра якую ўладу ішла гаворка. Калі гэта для кагосьці пагроза — што ж, няхай будзе так», — напісаў ён.
Раней Трамп распарадзіўся правесці маштабныя скарачэнні ў сямі федэральных агенцтвах. У іх ліку — Агенцтва ЗША па глабальных медыя (USAGM), якое курыруе «Голас Амерыкі» і «Радыё Свабода».
Прэзідэнт і генеральны дырэктар «Радыё Свабода» Стывен Капус так пракаментаваў сітуацыю: «Іранскія аятолы, кітайскія камуністычныя лідары і аўтакраты ў Маскве і Мінску будуць святкаваць падзенне «Радыё Свабода» праз 75 гадоў. Калі аддаць перамогу нашым апанентам, гэта зробіць іх мацнейшымі, а Амерыку слабейшай», — гаворыцца ў ягонай заяве.
Міністр замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі назваў «Радыё Свабодная Еўропа» «маяком» для людзей, якія жывуць пад таталітарнай уладай.
«Ад Беларусі да Ірана, ад Расіі да Афганістана, RFE і «Голас Амерыкі» з’яўляюцца аднымі з нешматлікіх свабодных крыніц для людзей, пазбаўленых свабоды», — напісаў ён у X.