БЕЛ Ł РУС

У Трампа патлумачылі рашэнне спыніць фінансаванне «Голасу Амерыкі»

16.03.2025 / 11:54

Nashaniva.com

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа вылучыла пералік прэтэнзій да вяшчальніка «Голасу Амерыкі» і такім чынам «растлумачыла», чаму вырашыла спыніць яго фінансаванне.

Белы дом спыніў фінансаванне «Голасу Амерыкі», абвінаваціўшы вяшчальніка ў парушэнні журналісцкіх стандартаў і прадузятасці.

15 сакавіка Белы дом прадставіў шэраг прэтэнзій да «Голасу Амерыкі», адзначыўшы, што некаторыя рэпарцёры публікавалі ў сваіх прафесійных акаўнтах у сацыяльнай сетцы X каментары супраць Трампа, нягледзячы на палітыку бесстароннасці. У прыватнасці, у 2020 годзе «Голас Амерыкі» пісаў пра магчымую ролю Расіі ў скандале з наўтбукам Хантэра Байдэна, сына былога прэзідэнта Джо Байдэна, што ў адміністрацыі Трампа ўспрынялі як спробу «схаваць праўду».

Акрамя таго, кіраўніцтва «Голасу Амерыкі» прасіла супрацоўнікаў не называць ХАМАС і яго членаў тэрарыстамі, «за выключэннем выпадкаў, калі цытуюцца афіцыйныя заявы».

У 2019 годзе вяшчальнік выпусціў сюжэт пра трансгендарных мігрантаў, якія шукаюць прытулак у ЗША, робіць пералік Белы дом парушэнняў свабоды слова «Голасам Амерыкі». 

Увечары 15 сакавіка стала вядома, што каля 1300 супрацоўнікаў «Голасу Амерыкі» былі адпраўлены ў «адміністрацыйны» адпачынак без права доступу да электроннай пошты.

Акрамя таго, адміністрацыя Трампа абвясціла пра адмену фінансавання для сеткі RFE/RL («Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода»). У «Радыё Свабода» ўжо назвалі гэтае рашэнне «падарункам ворагам Амерыкі».

Гэтыя захады выклікалі шырокую крытыку з боку абаронцаў свабоды прэсы. Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заявіла, што гэтае рашэнне пагражае свабодзе прэсы ва ўсім свеце і анулюе 80-гадовую гісторыю падтрымкі свабоднага распаўсюду інфармацыі з боку ЗША. 

У заяве Белага дома адзначаецца, што гэтыя захады «гарантуюць, што падаткаплацельшчыкі больш не будуць фінансаваць радыкальную прапаганду».

Чытайце таксама:

«Упершыню за 83 гады легендарны «Голас Амерыкі» змушаны змоўкнуць». Амаль 1300 яго супрацоўнікаў адпраўленыя ў адпачынкі пасля ўказа Трампа

Трамп падпісаў указ аб значных скарачэннях на «Радыё Свабода» і яшчэ шасці навінавых карпарацыях

У ЗША абвясцілі аб адмене падпісак на міжнародныя навінавыя агенцтвы для «Радыё Свабоды» і «Голасу Амерыкі»

Каментары да артыкула