Што хаваецца за бананавай індустрыяй Коста-Рыкі. У Еўропу трапляюць «чыстыя» бананы, але хто расплачваецца за гэта?
19.03.2025 / 12:43
Коста-Рыка з'яўляецца адным з асноўных вытворцаў бананаў, якія пастаўляюцца як у ЗША, так і Еўропу. Аднак за гэтым поспехам хаваюцца сур'ёзныя сацыяльныя і экалагічныя праблемы.
Рабочы зразае гронкі бананаў. Коста-Рыка. Фота: Jan Sochor / Latincontent / Getty Images
Як піша Le Monde, Коста-Рыка ўваходзіць у лік найбуйнейшых сусветных вытворцаў бананаў, займаючы 4-е месца пасля Эквадора, Філіпін і Гватэмалы. Асноўнымі спажыўцамі костарыканскіх бананаў з'яўляюцца ЗША і Еўропа (каля 2,4 мільёна тон у год, з якіх 1 мільён тон ідзе ў Еўропу). Пры гэтым мала хто ведае аб тым, як масавая іх вытворчасць адбіваецца на здароўі рабочых і навакольным асяроддзі.
Бананы патрабуюць вялікай колькасці хімічнай апрацоўкі. У Коста-Рыцы яны вырошчваюцца круглы год, што азначае бесперапыннае выкарыстанне пестыцыдаў, якое з апошнія 30 гадоў узрасло з 50—73 кілаграмаў на гектар да амаль 100 кілаграмаў.
Рабочы каля бочкі з пестыцыдамі на бананавай плантацыі. Коста-Рыка. Фота: Jan Sochor / Latincontent / Getty Images
Пры гэтым 80% з іх аднесены да катэгорыі «высокатаксічных». Сярод іх і такі папулярны ў вытворцаў бананаў манкацэб, які забаронены ў 29 краінах, але не ў Коста-Рыцы.
Выкарыстанне пестыцыдаў наносіць шкоду як навакольнаму асяроддзю, так і здароўю работнікаў. Адной з самых цяжкіх праблем, з якімі сутыкаюцца людзі, з'яўляецца пагаршэнне зроку. Многія пачынаюць бачыць горш ужо да 30 гадоў, а некаторыя цалкам страчваюць зрок.
Рабочы заварочвае гронкі бананаў у мяшок, насычаны пестыцыдамі. Коста-Рыка. Скрын відэа: rainforestalliance / YouTube
Як тлумачаць самі рабочыя журналістам Le Monde, яны заварочваюць гронкі бананаў у пластыкавыя пакеты, насычаныя пестыцыдамі. Вільгаць з лісця сцякае ім на твар, разам з таксічнымі рэчывамі. Падобнае адбываецца і пасля апрацоўкі плантацый авіяцыяй.
У работнікаў, што працуюць на мыцці і ўпакоўцы бананаў, назіраюцца раздражненні і захворванні скуры, праблемы з дыханнем. Прычына — утрыманне ў вадзе фунгіцыдаў, хлору і соляў алюмінію для выдалення плямаў на лупіне.
Работнікі займаюцца мыццём бананаў. Коста-Рыка. Скрын відэа: rainforestalliance / YouTube
Аб тым, што некаторыя пестыцыды, такія як хлораталаніл, могуць пашкодзіць зрок, сведчаць і даследаванні, якія правялі супрацоўнікі Універсітэтата Коста-Рыкі. Гэты фунгіцыд быў забаронены ў краіне толькі ў 2023 годзе.
Акрамя таго, даследаванні паказалі, што пестыцыды аказваюць разбуральны ўплыў на цэнтральную нервовую сістэму. У зоне рызыкі каля 40 000 працаўнікоў плантацый, а калі ўлічваць ускосна занятых у галіне, то гэтая лічба ўзрастае ў два з паловай разы.
Таксама пакутуюць дзеці, якія жывуць побач з плантацыямі: у іх выяўлены парушэнні ў развіцці нервовай сістэмы, а ў цяжарных жанчын — праблемы з працай шчытападобнай залозы, якія ўплываюць на развіццё плоду.
Пры гэтым рабочыя дрэнна абаронены аб уздзеяння хімікатаў, а часам самі грэбуюць санітарнымі нормамі. Мужчыны, якія займаюцца апрацоўкай раслін пестыцыдамі, працуюць без належнага адзення, бо праца ў гарачыню ў поўнай экіпіроўцы значна зніжае вытворчасць і, адпаведна, заробак.
Рабочы праводзіць апрацоўку плантацыі хімікатамі. Коста-Рыка. Фота: Jan Sochor / Latincontent / Getty Images
Пестыцыды не толькі шкодзяць рабочым, але і навакольнаму асяроддзю. Рэшткі хімікатаў былі знойдзены ў школьных класах, матрацах, кухнях у дамах, размешчаных побач з плантацыямі. У прыродзе пестыцыды выяўлены на шэрсці ляніўцаў, а хлор — нават у роце жывёл.
Плантацыя бананаў. Коста-Рыка. Фота: Federico Meneghetti / REDA / Universal Images Group via Getty Images
Як адзначае выданне, хаця міжнародныя арганізацыі кантралююць сертыфікацыю бананаў для еўрапейскага рынку, іх стандарты не вядуць да рэальнага скарачэння пестыцыдаў. Фермеры імкнуцца не выкарыстоўваць забароненыя ў ЕС хімікаты на плантацыях, прадукцыя якіх ідзе на еўрапейскі рынак. Аднак эксперты сцвярджаюць, што многія шкодныя рэчывы проста не выяўляюцца пры кантролі: бананы транспартуюцца на працягу 40 дзён, а за гэты час рэшткі пестыцыдаў раскладаюцца.
У выніку, у той час як спажыўцы ў ЗША і Еўропе купляюць «чыстыя» бананы, жыхары Коста-Рыкі расплачваюцца сваім здароўем і навакольным асяроддзем.
Чытайце таксама:
Найгоршы спосаб захоўвання бананаў. Вось чаму яны так хутка чарнеюць
Гэтую садавіну людзі масава спажываюць зімой. А яна літаральна нашпігаваная хіміяй