БЕЛ Ł РУС

Колькасць насельніцтва планеты сістэматычна заніжаецца — навукоўцы

20.03.2025 / 7:38

Nashaniva.com

Нядаўняе даследаванне паказала, што ў некаторых рэгіёнах насельніцтва можа перавышаць афіцыйныя звесткі на 84%.

Дакладныя звесткі аб колькасці насельніцтва з’яўляюцца ключавым элементам у навуковых, сацыяльных і экалагічных даследаваннях — ад планавання рэсурсаў і інфраструктуры да даследавання хвароб і кіравання рызыкамі прыродных катастроф.

Ацэнкі колькасці насельніцтва свету, якія выкарыстоўваюць такія арганізацыі, як ААН і Сусветны банк, у асноўным грунтуюцца на перапісах насельніцтва. Акрамя іх, даследчыкі таксама абапіраюцца на спадарожнікавыя здымкі, якія дапамагаюць вызначыць забудаваныя тэрыторыі і ўзровень начнога асвятлення.

Аднак, як сцвярджаюць аўтары даследавання, вынікі якога апублікаваны ў часопісе Nature Communications, такія метады працуюць для гарадоў, але для сельскай мясцовасці яны не заўжды дакладныя. У выніку ў глабальных дэмаграфічных даных адсутнічае значная частка сельскага насельніцтва. Істотныя разыходжанні назіраюцца ў Кітаі, Бразіліі, Аўстраліі, Калумбіі і нават Польшчы.

Да такіх высноваў навукоўцы прыйшлі ў працэсе вывучэння 307 праектаў будаўніцтва плацін у 35 краінах, якія былі рэалізаваны ў перыяд з 1975 па 2010 год. Для больш позніх гадоў такой інфармацыі не знайшлося.

Як тлумачаць аўтары, калі будуюць плаціны, адбываецца затапленне вялікіх тэрыторый, з якіх папярэдне перасяляюць людзей. У такіх выпадках насельніцтва пералічваецца дакладна, таму што кампаніі, якія займаюцца будаўніцтвам, выплачваюць кампенсацыі.

Атрыманыя даныя з такіх тэрыторый вучоныя параўналі з інфармацыяй, якая размешчана ў пяці найбольш аўтарытэтных глабальных базах дадзеных аб насельніцтве. Высветлілася, што існуючыя ацэнкі заніжаюць колькасць сельскага насельніцтва ад 53% (у базе WorldPop) да 84% (у GHS-POP).

«Гэта значыць, што нават у самай дакладнай базе даных колькасць сельскага насельніцтва заніжана як мінімум удвая», — адзначаюць даследчыкі.

Як тлумачаць аўтары, комплексны збор дадзеных аб насельніцтве ў сельскай мясцовасці прадстаўляе асаблівыя складанасці. У многіх краінах адсутнічаюць неабходныя фінансавыя рэсурсы для дакладнага ўліку людзей, асабліва калі насельніцтва раскідана па вялікай тэрыторыі.

Акрамя таго, насельніцтва ў аддаленых раёнах або ў зонах канфліктаў цяжка ахапіць перапісам, а перапісчыкі сутыкаюцца з моўнымі бар'ерамі і адмовамі ва ўдзеле.

Такія праблемы, адзначаюць аўтары, могуць прывесці да значных прабелаў у звестках. Напрыклад, у Парагваі падчас перапісу 2012 года, магчыма, не ўлічылі да чвэрці насельніцтва.

Яшчэ адна з прычын недакладнасцей — якасць спадарожнікавых здымкаў. Базы дадзеных GHS-POP і WorldPop выкарыстоўваюць спадарожнікавыя выявы з разрозненнем 100 метраў, што добра падыходзіць для вызначэння гарадскіх тэрыторый, дзе будынкі размяшчаюцца шчыльна. Аднак такое разрозненне занадта грубае, каб дакладна выяўляць маленькія вёскі і хутары, якія могуць быць моцна раскіданыя на вялікіх плошчах.

Акрамя таго, GHS-POP прымяняе фіксаваную маску, якая будуецца на аснове спадарожнікавых здымкаў будынкаў. Гэта азначае, што разлік насельніцтва вядзецца толькі ў зонах, дзе алгарытм выявіў будынкі.

Аднак праблема ў тым, што гэты метад знаходзіць усяго 4% будынкаў у сельскай мясцовасці, паколькі многія вёскі могуць быць схаваны пад густой расліннасцю або мець забудову, якая адрозніваецца ад гарадской. Гэта прыводзіць да значнага заніжэння ацэнкі насельніцтва ў сельскіх раёнах.

Як заўважаюць вучоныя выяўлена сістэматычная памылка ў бок недаацэнкі колькасці насельніцтва прыводзіць да таго, што сельскія рэгіёны ўвесь час сутыкаюцца з недахопам паслуг, рэсурсаў і магчымасцяў для развіцця.

У сувязі з тым, што ў сельскай мясцовасці пражывае каля 43% ўсяго насельніцтва планеты, атрыманыя вывады маюць далёка ідучыя наступствы і ставяць пад сумнеў афіцыйную інфармацыю аб тым, што на планеце пражывае 8,2 мільярда чалавек.

Аўтары заклікаюць да перагляду падыходаў да ацэнкі колькасці насельніцтва, каб у будучым сельскія рэгіёны не заставаліся ў нявыгадным становішчы пры размеркаванні рэсурсаў.

Чытайце таксама:

Чарговы антырэкорд. З'явілася свежая статыстыка пра нараджальнасць беларусаў

У якіх гарадах Беларусі колькасць насельніцтва вырасла з 2000 года РЭЙТЫНГ

Дэмаграфічная катастрофа. Узровень нараджальнасці ў Беларусі апусціўся ніжэй за ваенныя часы

Каментары да артыкула