БЕЛ Ł РУС

Былога прэзідэнта Бразіліі будуць судзіць па абвінавачванні ў спробе дзяржаўнага перавароту

26.03.2025 / 21:13

Nashaniva.com

Жаір Балсанару прайграў выбары ў 2022 годзе, пасля чаго ў краіне пачаліся пратэсты. Па версіі паліцыі, былы прэзідэнт адыгрываў вядучую ролю ў планаванні і арганізацыі спробы перавароту, піша Reuters.

Былы прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару, які прайграў выбары ў 2022 годзе. Фота: Eraldo Peres / AP

Экс-прэзідэнта Бразіліі і былога армейскага капітана абвінавачваюць у пяці злачынствах, у тым ліку ў спробе гвалтоўнай адмены дэмакратычнага вяршэнства закона і дзяржаўным перавароце.

Разам з Балсанару падсуднымі будуць больш за 30 чалавек, якіх абвінавачванне лічыць яго саўдзельнікамі.

Пратэсты ў Бразіліі адбываліся пасля інаўгурацыі новага прэзідэнта Лула да Сілвы ў 2023 годзе, які перамог у другім туры з 50,9% галасоў.

Падчас пратэстаў прыхільнікі Балсанару ўварваліся ў будынкі парламента і Вярхоўнага суда, а таксама ў прэзідэнцкі палац. Сотні чалавек былі затрыманыя.

У чэрвені суддзі вышэйшага выбарчага суда краіны палічылі, што экс-прэзідэнт адказны за «пагібельныя для дэмакратыі наступствы» гэтых дзеянняў. Яму на восем гадоў забаранілі балатавацца ў прэзідэнты. Сам Балсанару адхіляе ўсе абвінавачванні — падчас пратэстаў ён знаходзіўся ў Фларыдзе.

Правы папуліст Жаір Балсанару быў прэзідэнтам краіны з 2019 па 2022 год. Тады ён абвясціў вайну «культурнаму марксізму», пад якім меўся на ўвазе «лібералізм».

Балсанару сфарміраваў урад на траціну з сілавікоў, абмежаваў дазволеныя падставы для абортаў, планаваў выйсці з Парыжскага пагаднення па барацьбе з пацяпленнем клімату, адмаўляў кавід, а таксама хацеў «ачысціць» Бразілію ад геяў і курсаў полавага выхавання ў школах.

Чытайце таксама:

«Бразільскі Трамп» хацеў адмяніць выбары пасля пройгрышу. Генералы папярэдзілі, што тады арыштуюць яго

«Бразільскі Трамп» хаваўся ў пасольстве Венгрыі, каб пазбегнуць арышту па справе дзяржперавароту

Суд у Бразіліі забараніў Балсанару ўдзельнічаць у выбарах да 2030 года

Каментары да артыкула