БЕЛ Ł РУС

«Распілавалі балгаркай сейф, узломвалі скарбонкі». Парафіяне Чырвонага касцёла расказалі, як з храма вывозілі маёмасць

28.03.2025 / 20:10

Nashaniva.com

Днямі стала вядома, што скончаны вываз маёмасці з мінскага Чырвонага касцёла і названы меркаваны тэрмін яго «рэстаўрацыі». Але гэта навіна, радаснае агучванне якой пробашчам парафіі святога Сымона і святой Алены сустракалі апладысментамі, цяпер выклікае ў вернікаў смутак і трывогу. Некаторыя з іх падзяліліся сваімі думкамі з выданнем Katolik.life.

Асабліва балюча парафіянам стала, калі пробашч ксёндз Франц Рудзь назваў падчас імшы меркаваны тэрмін «рэстаўрацыі» храма — паўтара-два гады. Дакладныя планы ўладаў па работах у касцёле невядомыя, але калі яны маштабныя, то сапраўды на гэта патрэбен час — сродкі могуць закласці ў інвестыцыйную праграму Мінска на наступны год, і толькі тады будзе магчымы пачатак асноўных работ.

Маёмасць, вывезеную з касцёла, складзіравалі ў старым храме ў адной з вёсак у Мінскім раёне. Бібліятэку і частку рэчаў — у Хрысціянскім сацыяльным цэнтры.

Як праходзіў вываз маёмасці і чаму гэта падзея стала балючай і трывожнай для вернікаў — сведчанні ніжэй:

«Лавы і канфесіяналы, вырабленыя нямецкімі майстрамі, везліся ў свой час з Германіі, а зараз у разабраным стане, бо інакш не вынесеш, штосьці дзесьці паламалася. Арганы, інструменты, статуі, іконы, копія Турынскай плашчаніцы — гэта ж святыні, іх вываз — як кепскі знак… Вельмі балюча і трывожна. Невядома, што будзе з касцёлам, на колькі зацягнецца «рэстаўрацыя».

«Распілавалі балгаркай сейф, узломвалі скарбонкі, хоць яны былі пустыя».

«Асабліва баліць сэрца за ксяндза Уладзіслава [Завальнюка], які жыццё і ўсяго сябе прысвяціў гэтаму касцёлу, і за тых старэйшых, хто прыкладаў столькі сіл і намаганняў, змагаўся калісьці за гэты касцёл, адраджаў яго, жыў ім, а цяпер усведамляе напрыканцы жыцця, што ўжо больш туды не вернецца».

«Здзек і знявага нашай Святыні. Здарылася найгоршае».

«Апошняя надзея, што хаця б вернуць неўзабаве касцёл, рухнула. Вось так раптам, выносіць усё да апошняга, і так употайкі, ніякай дакладнай інфармацыі. Па іншых месцах распіхваць, нібы барахло якое».

Нагадаем, Чырвоны касцёл у Мінску закрыты па распараджэнні ўладаў ужо больш за 2,5 гады нібыта праз неабходнасць правядзення там рамонту. Парафіяне не раз заяўлялі, што храм не патрабуе вялікага рамонту і што яны гатовы выканаць яго сваімі сіламі.

Чытайце таксама:

З Чырвонага касцёла ў Мінску ўжо некалькі дзён вывозяць рэчы

Чырвоны касцёл у Мінску хутка пачнуць рамантаваць

У Ватыкане абмеркавалі праблему Чырвонага касцёла і зняволеных святароў

Чырвоны касцёл у Мінску пакуль не адчыняць

Планы па рэканструкцыі касцёла на Кальварыйскіх могілках у Мінску памянялі не ў лепшы бок

Каментары да артыкула