БЕЛ Ł РУС

Ці сапраўды дэлегаты КР адмовіліся праходзіць паліграф? Краўцоў адказвае Жыгару

2.04.2025 / 22:38

Nashaniva.com

Прадстаўнік «Белпола» Уладзімір Жыгар сцвярджае, што прапаноўваў праверыць праз паліграф дэлегатаў Каардынацыйнай рады. Але першым ад гэтага адмовіўся сакратар арганізацыі Іван Краўцоў. Што ж адбылося?

Іван Краўцоў. Фота: i.kravtsov / Instagram

На фоне скандала са знікненнем спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай прадстаўнік «Белпола» Уладзімір Жыгар расказаў, што раней прапаноўваў у мэтах бяспекі праверыць сяброў Каардынацыйнай радзе з дапамогай паліграфа.

«Мне проста сказалі: «Прабачце, мы тут адкрыты орган, мы тут нічога, нікога не баімся, ні ад каго нічога не хаваем. І нават калі тут ёсць агенты, няхай яны слухаюць, як мы змагаемся за Беларусь». Мне адразу ж растлумачылі — з гэтай ідэяй нават не прыходзіць. Ну вось, а потым яны здзіўляюцца, што там злівы, тут сітуацыя…», — адзначыў ён у размове з «Еўрарадыё».

Уладзімір Жыгар таксама адзначыў, што былі людзі, якія адразу адмаўляліся ад праверкі на паліграфе. І падкрэсліў, што першым такім быў Іван Краўцоў, які цяпер з'яўляецца сакратаром Каардынацыйнай рады.

«Наша Ніва» папрасіла Івана Краўцова пракаментаваць гэту інфармацыю. Ён пацвердзіў, што Жыгар, будучы ў другім складзе Каардынацыйнай рады, сапраўды падымаў пытанне пра паліграф для дэлегатаў:

«Гэта выклікала абурэнне. Як па мне, гэта класічны спосаб атрымаць уплыў над нейкімі людзьмі. Бо, калі «Белпол» будзе праводзіць такія праверкі, дык усе дэлегаты КР трапяць у залежнасць. Наколькі я ведаю, Святлана Ціханоўская таксама не праходзіла паліграф. Павел Латушка таксама. Ну і пытанне да «Белпола»: яны ўвогуле вераць у паліграф? Я вось заходжу на Вікіпедыю і бачу, што навуковых пацвярджэнняў таго, што гэта працуе, няма. Гэта не з'яўляецца доказам чагосьці».

Іван кажа, што прапанову адхілілі амаль аднагалосна як у другім, так і ў трэцім складзе КР.

Чытайце таксама:

Праваабаронцы выступілі супраць новай пасады ў дэмсілах

«Значыць, нешта не так з Каардынацыйнай радай». Злітая стэнаграма паказвае, як рэзка Ціханоўская ацэньвала дзейнасць КР

Станіслава Гліннік расказала пра версіі знікнення Анжалікі Мельнікавай і грошы Каардынацыйнай рады

Знікненне спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай. Усё важнае, што вядома на гэты момант

Каментары да артыкула