Знікненне спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай. Усё важнае, што вядома на гэты момант
Самая гарачая тэма беларускага ўікэнда.

Анжаліка Мельнікава (у дзявоцтве Бялевіч). Нарадзілася ў Нясвіжы. Скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. У 2011—2018 працавала ў «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь», апошнія два гады — намесніцай генеральнага дырэктара па сувязях з грамадскасцю. Пасля пайшла ў дэкрэтны адпачынак. У 2020-м пасля двух затрыманняў на пратэстах разам з мужам і дзецьмі выехала ва Украіну, а пасля ў Польшчу. Далучылася да НАУ як спецыяліст па камунікацыях, з часам узнялася да пасады спікеркі Каардынацыйнай рады. У разводзе, мае дзвюх дачок: Ганну (13 гадоў) і Таццяну (7 гадоў).
Чытайце архіўнае інтэрв'ю: «Пазваніў міністр: Анжаліка, куды ты лезеш?» Былая топ «Кока-Колы» расказвае, як стала спікеркай Каардынацыйнай рады

Таямнічае знікненне Мельнікавай і яе мужа
Пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай яе сябры паведамілі ўвечары 28 сакавіка.
У заяве Паўла Латушкі гаварылася, што сувязь адсутнічае з 25 сакавіка, аднак гаворка ідзе пра анлайн-камунікацыю. Насамрэч Мельнікаву ўжывую не бачылі ўжо даўным-даўно. Па інфармацыі польскіх сілавікоў, яна пакінула Польшчу некалькі тыдняў таму.
Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе прыкладна пра 10 сакавіка. У гэты дзень спікерка адправіла паведамленне ўсім дэлегатам КР, у якім папярэдзіла пра хваробу:
«У мяне ўскладненне пасля кавіду, і сёння пацвердзілася запаленне лёгкіх. Цяпер я на ўколах і антыбіётыках. Калі ўзнікне нешта сапраўды важнае і тэрміновае, я заўсёды буду на сувязі і змагу ўдзельнічаць у неадкладных нарадах / званках праз Zoom. Але прашу паставіцца з разуменнем — я буду на бальнічным бліжэйшыя два тыдні».
Ці насамрэч Мельнікава хварэла? Незразумела. Аднак у любым разе з абвешчаным «запаленнем лёгкіх» яна адправілася ў аэрапорт і, не папярэдзіўшы нікога, паляцела ў Лондан.
Ці былі з Анжалікай яе дзве малыя дочкі, якія жылі з ёй? Адказу на гэтае пытанне пакуль няма.
Прыкладна ў гэтыя ж дні былы муж спікеркі, айцішнік Андрэй Мельнікаў, таксама выехаў з Варшавы. Ён вярнуўся ў Беларусь.

Грашовае пытанне
У канцы 2022 года, яшчэ да з’яўлення ў Каардынацыйнай радзе, Анжаліка Мельнікава стала заснавальніцай фонду Białoruś Liberty. У склад яго кіраўніцтва ўваходзіла прадстаўніца «Кіберпартызанаў» Юліяна Шаметавец.
Як высветлілася, Мельнікава займалася пошукам грантавага фінансавання для «Кіберпартызанаў».
Каардынацыйная рада, якую ўзначальвае Мельнікава, не мае ніякага юрыдычнага статуса. Фактычна гэта проста нейкі клуб па інтарэсах. Аднак калі ўдзельнікі КР знайшлі фінансаванне пад яго, то вырашылі атрымліваць грошы ад донараў менавіта на рахунак таго самага Białoruś Liberty.
У лісце, які Мельнікава на развітанне адправіла сябрам КР, паведамлялася, што неўзабаве павінны прыйсці грошы ад донара. Па словах крыніцы «Нашай Нівы», гаворка ідзе пра першы транш — памерам каля 100 тысяч еўра.
Калі Мельнікава знікла, аказалася, што ніхто не можа праверыць стан рахункаў. Ці прыйшлі грошы на КР? Ці Мельнікава іх зняла альбо перавяла? Адказу на гэтыя пытанні няма. Не могуць праверыць свой рахунак і «Кіберпартызаны».
Сам факт таго, што КР атрымлівае такія немалыя грошы, стаў нечаканасцю для некаторых дэлегатаў. Яны былі ўпэўненыя, што КР працуе бясплатна.

Рэакцыя прапаганды
Інфармацыя пра знікненне Мельнікавай з’явілася ўвечары ў пятніцу. Не маючы метадычак, прапагандысты не ведалі, як рэагаваць. На працягу суботы вымалявалася дзве лініі.
Частка памыйных пралукашэнкаўскіх тэлеграм-каналаў проста пераказвае інфармацыю з незалежных медыя, дадаючы кпіны і здзекі з недарэчнай сітуацыі.
Блізкі да КДБ прапагандыст АНТ Ігар Тур спрабуе шматзначна намякаць, што да знікнення Мельнікавай могуць быць датычныя беларускія спецслужбы, а яна, маўляў, працавала як агент прыкрыцця. Ці гэта сур’ёзныя заявы, ці жартаўлівы блеф, незразумела. Ніякай канкрэтыкі ў яго словах не гучыць.
Вынікі
Дзе знаходзіцца Анжаліка Мельнікава? У апазіцыі няма адказу на гэта пытанне. Ці існуе ён у беларускай дзяржавы, пакажа час. Як мінімум у іх ёсць магчымасць спытаць пра яе лёс у былога мужа спікеркі.
Польскія сілавікі расследуюць справу аб знікненні жанчыны, але пакуль не інфармуюць грамадскасць пра інфармацыю, якую атрымліваюць з Лондана. Куды паляцела Мельнікава далей, які канчатковы пункт яе таямнічага падарожжа — галоўнае пытанне на гэты момант.
Менеджарка «Кока-колы», якая пайшла ў палітыку. Што вядома пра зніклую спікерку КР Анжаліку Мельнікаву
Анжаліка Мельнікава была адказная за гранты для «Кіберпартызанаў»
Каардынацыйная рада спрабуе даведацца, ці былі на рахунак фонду Анжалікі Мельнікавай пераведзеныя грошы для дзейнасці КР
Спікерка КР Анжаліка Мельнікава таемна вылецела ў Лондан — і прапала
Каментары
Для мяне загадка, адкуль у людзей столькі ўпартай ўпэўненасці, калі з фактаў могуць вынікаць зусім розныя версіі.