Станіслава Гліннік расказала пра версіі знікнення Анжалікі Мельнікавай і грошы Каардынацыйнай рады
Віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Станіслава Гліннік, якая пасля знікнення спікеркі Анжалікі Мельнікавай стала выконваць яе абавязкі, у размове з «Белсатам» адзначыла, што «не хацела б спекуляваць», аднак версій знікнення Мельнікавай багата: ад выкрадання і вербавання да дэпрэсіі.

Па словах Гліннік, сяброўкамі з Мельнікавай яны не былі, стасункі ў іх былі чыста прафесійныя, і ўвогуле пазнаёміліся жанчыны толькі падчас выбараў кіраўніцтва Каардынацыйнай рады. Працаваць з Мельнікавай ёй асабіста было добра, «Анжаліка шмат працы на сябе цягнула, і я намагалася ёй дапамагаць». І ўвогуле Мельнікава з усімі ладзіла і знаходзіла агульную мову.
Асабіста Гліннік размаўляла з Мельнікавай апошні раз 7 сакавіка, а ліставаліся 18-га. Апошняе ліставанне тычылася працоўных момантаў, таму Гліннік не думае, што замест Анжалікі на сувязі мог быць нехта іншы.
«Сёмага яна не выходзіла на сувязь. Яна не прыйшла на імпрэзу, але ўвечары мне адзванілася, і я даведалася, што ў яе пагоршыўся стан здароўя. У яе быў кавід, але я не ведала, што ён яшчэ працягваецца і яна кепска пачуваецца. І ўжо пасля была інфармацыя, што яна трапіла ў шпіталь», — сказала яна.
Увогуле ад спраў у Каардынацыйнай радзе спікерка адышла ў пачатку лютага:
«Яна ўзяла два тыдні адпачынку. Сказала, што трэба прывесці ў парадак дакументы ейнай арганізацыі, што патрэбны час, каб заняцца бухгалтэрыяй. І ўжо пасля гэтага адпачынку яна захварэла на кавід і больш не вярталася да справы ў КР».
Пра ад’езд Мельнікавай з Польшчы Гліннік запэўнівае, што яна не ведала, гэта для яе стала навіной. Бо апошнім часам камунікавалі вельмі мала з-за хваробы Анжалікі, яна не хацела яе ў такой сітуацыі лішні раз чапаць:
«Рознае ў жыцці бывае. Два тыдні адпачынку — гэта нармальна. Я падумала, што проста супадзенне такое: яна займалася сваймі справамі і пасля захварэла. Людзі цяжка хварэюць на кавід. Пра адпачынак яна папярэдзіла за тыдзень да яго».
З сяброў рады ніхто не ведае, дзе цяпер Мельнікава, дакладна вядома толькі, што яна пакінула тэрыторыю Польшчы, «хутчэй за ўсё, вылецела ў Вялікабрытанію».
Пры гэтым усім, па словах Гліннік, падаецца, што галоўная версія — «дзеянні рэжыму», аднак «надзея на лепшае застаецца»:
«Рознае ў жыцці бывае, і ў нас усё яшчэ застаецца надзея, што чалавек проста паехаў у адпачынак, нікому не сказаў і адключыў усе тэлефоны. Мы шчыра спадзяёмся, што яна вернецца і вельмі здзівіцца, што тут адбываецца».
Пакуль дакладных звестак няма, разглядаюцца ўсе версіі:
«І варыянт таго, што яе скралі, і варыянт таго, што яе завербавалі, і варыянт таго, што яна проста не вытрымала ды з'ехала, і варыянт дэпрэсіі. Розныя маюцца версіі, колькі людзей, столькі версій. Таму мы стараемся і ўсіх заклікаем прытрымлівацца толькі афіцыйных версіяў: яна знікла разам з дзецьмі, ейны былы муж вярнуўся ў Беларусь».
Самой выдзяляць нейкую прыярытэтную версію Гліннік адмовілася:
«Я б не хацела спекуляваць. Не буду каментаваць, якая версія мне падаецца верагоднаю. Бо я прыслухоўваюся ў гэты момант да тых асобаў, якія з ёю больш працавалі, да ейнай каманды. І я бачу, што ў іх таксама няма адзінай версіі. Я не так добра ведала Анжаліку, каб рабіць нейкія высновы пра тое, што яна магла зрабіць, а што не».
Што да гранта, які павінна была атрымаць Каардынацыйная рада, то ўсе перамовы з донарам вяла Мельнікава, і планавалася, што грошы прыйдуць на рахунак заснаванага ёю ў Польшчы фонду, бо ў Рады няма юрыдычнай асобы:
«Мы шукалі падтрымкі для афлайн-пасяджэнняў КР, каб мець магчымасць усіх прывезці і праводзіць пасяджэнні, а таксама на працу медыяслужбы. Адзін з донараў усё ж такі пастанавіў падтрымаць — мы ведаем гэта ад Анжалікі. Яна тады напісала, што гэтае фінансаванне пацверджанае, але грошай яшчэ не перавялі».
І ці перавялі, дагэтуль невядома:
«Я напісала донару, які, наколькі нам вядома, грант выдзяляў, бо нам трэба даведацца, ці гэтыя грошы ўвогуле былі пераведзеныя. Да рахункаў, вядома ж, мела доступ толькі Анжаліка ў сваёй арганізацыі. Калі нават гэтыя грошы былі пераведзеныя, у нас няма ніякага пацверджання, што іх там няма. Цалкам магчыма, што яны захоўваюцца на рахунках арганізацыі Анжалікі і што ўсё добра з гэтымі грашыма».
У донара запытвалі 100 тысяч еўра, але, падобна, Радзе выдзелілі не ўсю суму:
«Заяўку мы падавалі на такую суму. Але, наколькі я памятаю, Анжаліка казала, што ў стоадсоткавым аб'ёме нам гэты праект не падтрымаюць. Таму мне трэба атрымаць адказ ад донараў, увогуле, колькі мы атрымалі».
Пры гэтым Станіслава Гліннік абурылася, што да гэтых грошай існуе такая цікавасць:
«Мне, шчыра кажучы, увогуле не падабаецца дыскурс, што мы столькі ўвагі надаём у гэтай сітуацыі фінансаванню. Я разумею, што гэта балючая тэма для беларускай грамадскасці. Але ў нас знік чалавек. Мы не ведаем, ці яна жывая. Мы не ведаем, дзе яна, што за сітуацыя, што адбылося. Мне здаецца, што цяпер гэты фінансавы грант для КР — далёка не першаснае заданне, і мяне пужае доля інфармацыі, што датычыць менавіта гэтага ў беларускіх медыях».
Пасля знікнення Мельнікавай Каардынацыйная рада хутка пачала прымаць захады бяспекі. Зніклая спікерка мела доступ да вялікага аб'ёму інфармацыі, мела шмат кантактаў і ліставанняў з партнёрамі, з чальцамі КР, з усімі зацікаўленымі бакамі, адзначае Гліннік:
«Першае, што мы зрабілі, — закрывалі доступ да яе мэйлаў, папярэджвалі ўсіх партнёраў. Я асабіста паўночы пісала ўсёй планеце лісты пра сітуацыю і папярэджвала ўсіх пра тое, што калі вы мелі нейкія камунікацыі з Анжалікай, то цяпер можа быць небяспечная сітуацыя, калі ласка, паклапаціцеся пра сваю бяспеку. Усіх заклікаю: калі ў вас была камунікацыя з Анжалікай, ачысціце дыялогі і паклапаціцеся пра бяспеку інфармацыі, закрыйце доступ да дакументаў, калі быў адкрыты доступ на «Google»-дыску».
Каментары