БЕЛ Ł РУС

Новы трэнд тыктока: праціраць твар бананавай скуркай. Гэта сапраўды працуе?

4.04.2025 / 23:01

Nashaniva.com

Тыкток зноў здзіўляе: карыстальнікі с задавальненнем труць твар бананавай скуркай. Нібыта гэта «натуральны ботакс», які разгладжвае маршчыны, змагаецца з сухасцю і вяртае бляск. Гучыць дзіўна? Але пад хэштэгам #bananabotox ужо тысячы відэа, мільёны праглядаў і захапляльныя каментары.

Скрын відэа: shellybaileyd / TikTok

Прачнуцца а чацвёртай раніцы, заклеіць рот стужкай, акунуць твар у ледзяную ваду — і… праціраць твар бананавай скуркай. Менавіта так выглядае раніца аднаго з фітнэс-інфлюенсераў TikTok Аштана Хола (Ashton Hall), відэа якога набрала амаль 30 мільёнаў праглядаў. І ён не адзіны, хто рэкламуе такі спосаб дагляду за скурай.

Эштан Хол працірае свой твар скуркай ад банана. Скрын відэа: ashtonhallofficial / TikTok

Цяпер у тыктоку пад хэштэгам #bananabotox ужо тысячы відэа, мільёны праглядаў і захапляльныя каментары аб карысці «скарбу з бананавай скуркі» і рэклама яе як «натуральнага ботаксу».

Прыхільнікі бананавай скуркі сцвярджаюць, што яна змагаецца з маршчынамі, выраўноўвае тон скуры, памяншае пачырваненні і надае эфект «свежасці».

Рэцэпт просты: узяць свежы банан, з’есці мякаць, а ўнутранай часткай скуркі праціраць твар кругавымі рухамі. Пакінуць на 15 хвілін, змыць халоднай вадой, нанесці крэм.

Некаторыя раяць выбіраць «старэйшыя», нават цёмныя бананы — маўляў, у іх скурка мякчэйшая і акажа лепшы эфект.

Што кажуць эксперты?

Дэрматолагі прызнаюць: бананавая скура сапраўды ўтрымлівае вітаміны А, D, Е, антыаксіданты (такія як аскарбінавая кіслата і лютэін), а таксама крухмал і лецыцін, якія могуць увільгатняць скуру і аказваць лёгкі супрацьзапаленчы і ачышчальны эфект.

Аднак дадаюць: гэты эфект — кароткатэрміновы, і чакаць глыбокага амаладжэння ці знікнення маршчын не выпадае. Карысныя рэчывы са скуркі банана не пранікаюць глыбока ў скуру, таму эфект будзе павярхоўны і недаўгавечны.

Касметолагі нагадваюць: бананавая скурка — гэта не касметычны прадукт. Пры кантакце з паветрам на ёй могуць хутка развівацца бактэрыі. Таму важна выкарыстоўваць толькі свежую скурку і наносіць яе на чыстую скуру.

Пры наяўнасці акне, пашкоджанай або вельмі адчувальнай скуры такі эксперымент можа выклікаць раздражненне або нават пагоршыць стан. Таксама варта ўлічваць магчымасць індывідуальнай рэакцыі — перад ужываннем пажадана праверыць сродак на невялікім участку скуры.

На пытанне, ці можа банан замяніць ботакс, дэрматолагі адназначна адказваюць: не. Ботакс працуе на мышачным узроўні, блакуючы перадачу імпульсаў, якія выклікаюць маршчыны. А бананавая скура дзейнічае выключна на паверхні скуры — як лёгкі натуральны тонік.

Бананы карысныя для здароўя скуры знутры: утрымліваюць вітаміны, мікраэлементы і клятчатку, якая падтрымлівае працу страўніка і агульны тонус арганізму. Гэта ўплывае на колер твару і агульны стан скуры.

Чытайце таксама:

Вы выкідалі гэтыя лупіны? Вось вам пяць ідэяў

Сацсеткі ахапіў «тэст апельсінавай лупіны», які правярае адносіны з партнёрам на трываласць

Найгоршы спосаб захоўвання бананаў. Вось чаму яны так хутка чарнеюць

Не выкідайце лупіны бананаў — для іх ёсць добрае прымяненне

Каментары да артыкула