БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, як затрымалі былога каліноўца Максіма Ралько

6.04.2025 / 21:51

Nashaniva.com

На АНТ паказалі новы сюжэт пра хлопца, які пасля звальнення з палка жыў у Варшаве, а потым нечакана апынуўся ў мінскім СІЗА.

Максім Ралько. У СІЗА мужчыны, як правіла, павінны быць паголеныя, ніякай барады ці шчаціны. Скрын відэа АНТ

Максім меў пазыўны Сцяганосец (рус. Знаменосец). У сюжэце кажуць, што ён быў наводчыкам мінамётнага разліку, а дагэтуль ахоўваў склад. Раней яго знаёмыя расказвалі «Медыязоне», што Максім прыйшоў у Полк Каліноўскага ў 2022 годзе, у 21 год, і на баявыя не выязджаў. Служыў у тыле: стаяў на варотах базы і ахоўваў склады.

У пачатку 2024-га Ралько звольніўся з палка і вярнуўся ў Варшаву. Пачаў вывучаць тэсціраванне ў IT, хадзіў на акцыі пратэсту, працаваў ахоўнікам у «Бядронцы». Ён атрымаў статус дадатковай абароны.

Праз пару месяцаў пасля вяртання з Украіны ў Польшчу, пісала «Медыязона», Максім пасварыўся з сябрамі і знік. Аднаго з іх ён абвінаваціў у шпіянажы.

Потым выйшаў на сувязь у маі 2024 года. Расказаў, што знаходзіцца ў Германіі і вырашыў там падацца на бежанства. Пазней Максім паведаміў, што збег з лагера для бежанцаў і пакінуў усе дакументы, уключаючы пашпарт.

Як вынікае з сюжэта АНТ, Максім чамусьці рашыў вярнуцца ў Беларусь. Хлопца затрымалі ў пункце пропуску «Брэст».

Цяпер чакае суда. Прапагандысты сцвярджаюць, што ён супрацоўнічае са следствам.

Чытайце таксама:

Вярнуўся з вайны, уладкаваўся ў Варшаве, пасварыўся з усімі — і знік. Прыяцелі пра экс-каліноўца Максіма Ралько, якога затрымалі ў Беларусі

У эфіры прапагандыстаў паказалі яшчэ аднаго зняволенага каліноўца — Максіма Ралько

Каментары да артыкула