БЕЛ Ł РУС

Дачка беларусаў стала ўдзельніцай кулінарнага тэлешоу ў Іспаніі

8.04.2025 / 22:35

Nashaniva.com

Амерыканка з беларускімі каранямі Арыяна Фейгіна стала ўдзельніцай 13-га сезона іспанскага варыянту кулінарнага конкурсу MasterChef, які транслюецца галоўным тэлеканалам гэтай краіны La 1, піша сайт «Беларусь и мир».

Арыяна Фейгіна на MasterChef Espana. Фота: rtve.es

Як сказана ў прадстаўленні канкурсантаў на сайце шоу, Арыяне 20 гадоў, яна нарадзілася ў сям'і беларусаў у штаце Мінесота ў ЗША, але вось ужо два гады жыве ў Барселоне. Будучы старэйшай з пяці братоў і сясцёр, заўсёды любіла гатаваць для іх.

Гэта не першае з'яўленне Фейгінай на MasterChef, бо ў 12 гадоў яна прымала ўдзел у дзіцячай версіі праекта — MasterChef Junior — у Штатах, дзе пазнаёмілася з адным са сваіх куміраў — брытанскім рэстаратарам Горданам Рамзі.

Усе 16 удзельнікаў конкурсу. Фота: rtve.es

Цяпер дзяўчына займаецца стварэннем кантэнту пра ежу і стыль жыцця ў сацсетках, мае ў тыктоку больш за 2,5 мільёнаў падпісчыкаў. Раней заснавала прыватную кейтэрынгавую кампанію. Заўсёды вясёлая і запэўнівае, што з яе твару вельмі цяжка сцерці ўсмешку.

У фінальную частку 13-га сезона іспанскага MasterChef дачка беларусаў была адабрана ў ліку 16 прэтэндэнтаў. Пасля двух эпізодаў конкурсу з яго выбылі ўжо тры ўдзельнікі: двое па рашэнні журы, адзін праз праблемы са здароўем.

Дарэчы, як паведаміў тэлеканал La 1, прэм'ерны выпуск праекта, паказаны ўвечары ў панядзелак 31 сакавіка, стаў лідарам свайго эфірнага часу з доляй 14,4 працэнта і 2 985 000 унікальных гледачоў.

Чытайце таксама:

Венесуэлка з Беларусі выйграла кулінарнае шоу «Бітва шэфаў» у Маскве

Халезін: Жыццё пасля смерці існуе, мы ўсе жывём у грыбной матрыцы

Навошта Лукашэнку «прэзідэнцкі баль» — такая дэманстратыўная і крыху архаічная, сэксісцкая па форме традыцыя?

Каментары да артыкула