БЕЛ Ł РУС

Бізнэсмен Куўшынаў забраў у Франака Вячоркі куплены гадзіннік і падарыў яму іншы

9.04.2025 / 16:18

Nashaniva.com

Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў у фэйсбуку, што бізнэсмен Аляксандр Куўшынаў забраў нядаўна прададзены праз аўкцыён ягоны скандальны гадзіннік. Але пры гэтым і сам Вячорка без гадзінніка не застаўся.

Злева направа — Франак Вячорка з Аляксандрам Куўшынавым. Фота: facebook.com/viachorka

«Сёння Аляксандр Куўшынаў атрымаў той самы гадзіннік за найбольшы данат на беларускія справы. Ён ахвяраваў 5000 еўра на Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча і Razam — фонд дапамогі беларусам у Літве.

Узамен ён падарыў мне новы гадзіннік — легендарны і бясцэнны «Луч» — і прадаваць яго я не збіраюся!», — напісаў Вячорка.

У красавіку мінулага года на тэлеканале «Белсат» Вячорка расказаў пра свой гадзіннік Omega Seamaster Planet Ocean коштам 5-9 тысяч даляраў:

«Мне яго падараваў чалавек, які вельмі шмат спрычыніўся да беларускай справы. Займаўся і да 2020 года, і пасля 2020-га адраджэннем беларускіх мясцінаў. Многія яго ведаюць таксама. Ну ён, напэўна, пабачыўшы, што ў мяне няма гадзінніка, проста зняў свой з рукі і сказаў: вось табе, каб хутчэй вярнуцца ў Беларусь».

Гісторыя нарабіла шмат шуму. Гадзіннік Вячоркі зачапіў нават Лукашэнку. 

Дарадца Святланы Ціханоўскай адрэагаваў на скандал у сацсетках.

Франак Вячорка запэўніў, што ў тым факце, што невядомы бізнэсмен падарыў яму дарагі гадзіннік, няма карупцыйнага складніку. «Гэта было яшчэ да таго, як з’явіліся ўсе офісы і кабінеты. Чалавек [, які дарыў,] не жыве ў Беларусі, не вядзе там бізнэсу, і ніяк гэта не звязана з лабіраваннем інтарэсаў», — напісаў ён у каментарах у фэйсбуку.

Пасля розгаласу ён вырашыў прадаць гадзіннік праз аўкцыён. Яго пераможцам акурат і стаў Аляксандр Куўшынаў, які набыў гадзіннік за 5 тысяч еўра. У той жа час яшчэ перад пачаткам аўкцыёна Вячорка паставіў умову, што атрыманыя грошы пойдуць не яму асабіста, а мусяць быць пералічаныя на падтрымку беларускіх арганізацый на выбар самога купца.

Чытайце таксама:

Аляксандр Куўшынаў расказаў, каму пойдуць грошы, аддадзеныя за гадзіннік Франака Вячоркі

Шматпакутны гадзіннік Франака Вячоркі знайшоў уладальніка

Франак Вячорка выставіў на аўкцыён свой скандальны гадзіннік

«Ён у сейфе ў бяспецы». Ці ўдалося за год прадаць скандальны гадзіннік Франака Вячоркі?

Лукашэнка выказаўся пра гадзіннік Франака Вячоркі 

Франак Вячорка прапануе прадаць свой гадзіннік за $5 тысяч праз дабрачынны аўкцыён

Каментары да артыкула