БЕЛ Ł РУС

Прадуктовы кошык на Вялікдзень у Беларусі і Польшчы — параўнанне цэнаў

10.04.2025 / 19:5

Nashaniva.com

Напярэдадні хуткага ўжо Вялікадня «Салідарнасць» параўнала цэны велікоднага прадуктовага кошыка ў Мінску і Варшаве, а таксама вызначыла, наколькі выраслі цэны ў гэтых гарадах у параўнанні з мінулым годам. Выбіраўся стандартны набор прадуктаў на святочны стол: гарачае, закускі і, вядома, велікодная булка. Увага звярталася і на выбар бульбы.

Варшава. «Ашан»

Перш за ўсё выбіраюцца яйкі — адзін з галоўных прадуктаў Вялікадня. Упакоўка 20 штук памеру L каштуе 23,99 злотага — гэта 20,2 рубля.

Далей — прадукты для гарачага. Звяртаецца ўвага на бульбу — на колькасць, якасць і кошт якой апошнім часам скардзяцца ў Беларусі. У Польшчы з бульбай праблем няма: прадаюць некалькі відаў польскай, егіпецкую, мытую і не. У кошык кладзецца найтаннейшы варыянт — 1,48 злотага за кіло (1,25 рубля). Гэта нават танней, чым летась, тады кілаграм абышоўся ў 1,89 злотага.

Выбіраецца тушка курыцы — 10,48 злотага (8,8 рубля) за кіло, у сярэднім яна заважвае на паўтара-два кілаграмы. А таксама вэнджаныя курыныя ножкі, як у мінулым годзе. Кошт на іх за год падняўся на 1,5 злотага. Цяпер яны абыдуцца ў 15,99 злотага (13,5 рубля) за 530 грамаў.

Далей выбіраюцца закускі. Кавалачак сыру «Гаўда» — 7,98 злотага (6,73 рубля) за 250 грамаў. Тут жа і камамбер — 6,98 злотага (5,9 рубля). З каўбас бярэцца невялікая палачка салямі — 400 грамаў за 11,69 злотага або 9,8 рубля. І палачка французскай з цвіллю — 18,99 злотага (16 рублёў) за 200 грамаў.

Для бутэрбродаў узялі доўгі багет — 2,19 злотага (1,8 рубля), масла — 7,98 злотага (6,7 рубля) і ласося — 28,99 злотага (24,6 рубля) за 250 грамаў.

З салодкага: узялі, як і летась, паўкіло «кароўкі», выходзіць амаль 10 злотых — гэта 8,4 рубля.

І, вядома, велікодная булка. У «Ашан» ужо вялікі выбар макавых рулетаў і велікодных кексаў. У кошык ідзе шакаладны з какосам за 12,99 злотага — гэта амаль 11 рублёў.

Разам выйшла 159,73 злотага ці крыху больш за 133,27 рубля. Летась велікодны кошык каштаваў 140 злотых або 112 рублёў.

Пры сярэднім заробку ў Польшчы 6242 злотых (пасля выплаты падаткаў) сярэдні паляк можа дазволіць сабе 39 такіх прадуктовых кошыкаў.

Мінск. «Еўраопт»

У мінулым годзе закупляліся ў «Грошыку», паколькі там адныя з найбольш бюджэтных цэнаў. Але многіх прадуктаў там не было, даводзілася дакупляць у «Еўраопце». Ды і выбар вельмі адрозніваўся ад польскага «Ашан», таму цяпер адразу пайшлі ў «Еўраопт».

Усе яйкі там прадаюцца па 10 штук ва ўпакоўцы, таму ўзялі дзве па 3,62 рубля.

Далей выбіраецца бульба. Ёсць толькі адзін від, і бульба мытая — 2,59 рубля за кілаграм. Знайсці менавіта нямытую бульбу, як летась, аказалася не так проста. Яна была ў краме «Віталюр» — 1,10 за кіло.

«З бульбай бяда. Нармальнай няма. Яе чысціш, а яна ўнутры гнілая. Адзіная ядомая — мытая і фасаваная. І тое праз раз», — сказала адна з пакупніц.

Далей — мяса. Тушка курыцы абыйдзецца ў 6,79 рубля за кіло. Курыныя ножкі вэнджаныя — 6,55 за 430 грамаў.

З каўбас, як і ў Варшаве, шукаецца салямі. Сервелат каштуе 18,6 рубля за кіло, узялі 400 грамаў — выходзіць 7,44 рубля. І яшчэ палачку салямі з цвіллю — яна цяпер на зніжцы 7,59 за 180 грамаў.

Сыр выбіраецца «Класічны» ад «Брэст-Літоўск». Кавалачак у 200 грамаў абыйдзецца ў 5,17 рубля. Летась ён быў прыкметна таннейшы — 4,39 рубля. Таксама ў кошык адпраўляецца камамбер ад фірмы Danke. Ён цяпер на зніжцы — 7,89 замест 9,99 рубля.

Засталіся бутэрброды з чырвонай рыбай. Багет бярэцца за 2,89 рубля, масла — за 4,69 рубля. Яно, праўда, на 20 грамаў меншае, чым у Варшаве.

Далей выбіраецца рыба. У Варшаве ўзялі кавалачак 250 грамаў, а ў Мінску ёсць толькі 200 і 300 грамаў. Для чысціні эксперыменту палічылі, у колькі абыйдзецца 250 грамаў рыбы ў «Еўраопце» — 24,74 рубля.

Застаецца салодкае. Паўкіло «кароўкі» заважыла на 5,7 рубля. А вось велікоднай булкі ў «Еўраопце» няма. Ніякага велікоднага кекса таксама не знайшлося. Але як жа без цаны на галоўны прадукт свята? Таму паглядзелі цану на кекс з разынкамі на сайце «Грына» — 6,5 рублёў.

Разам выйшла 94,29 рубля. Летась за такі кошык заплацілі 81 рубель.

Пры сярэднім заробку ў Беларусі 2088 рублёў (пасля выліку падаткаў) сярэдні беларус можа дазволіць сабе 22 такія прадуктовыя кошыкі.

Чытайце таксама:

«Як на корм свінням»: глядзіце, што цяпер з бульбай у Мінску

На рынках пачалі прадаваць расаду. Колькі яна сёлета каштуе?

Як гандлёвая вайна Трампа можа адбіцца на сусветнай эканоміцы і Беларусі? І якая выгада з гэтага амерыканцам?

Каментары да артыкула