Грамадства77

«Як на корм свінням»: глядзіце, што цяпер з бульбай у Мінску

Беларусы скардзяцца на якасць бульбы ў магазінах. У канцы лютага на гэтую праблему звярнуў увагу Лукашэнка, а службоўцы ў сакавіку правялі рэйды па крамах і адрапартавалі: з бульбай усё ў парадку. 

Практычна месяц не цішэюць размовы вакол галоўнай беларускай гародніны: пакупнікі абураюцца, што з бульбай у крамах зусім бяда. Яе калі і можна знайсці, то клубні зусім не таварнага выгляду і зусім нікуды не годныя.

«Точка» паглядзела, якую бульбу прадаюць у крамах «каля дома» і буйных гіпермаркетах. Праблема сапраўды ёсць.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ў сярэдзіне сакавіка праверыла, як ідуць справы з бульбай у крамах. Агулам праманіторылі 437 гандлёвых пунктаў. У 3% выпадкаў бульбы ў продажы не было ўвогуле, а ў 10% такі тавар аказаўся не прыдатны для рэалізацыі.

Дарэчы, па стандартах, можна прадаваць бульбу з некаторымі заганамі, але нязначнымі. Масавая доля клубняў з пашкоджаннямі не павінна перавышаць 2 працэнты. А прыліплай да клубняў зямлі можа быць не больш за 1%.

Якую ж бульбу нельга выстаўляць на продаж? Пазелянелыя клубні (больш за 1/4 паверхні), пашкоджаныя грызунамі, падмарожаныя, запараныя, раздушаныя, палоўкі або часткі клубняў, з гніллю і фітафторай.

Дарэчы, 25 сакавіка ўрад увёў ліцэнзаванне вывазу бульбы — каб забяспечыць кантроль над запасамі. Мера часовая — на тры месяцы.

Што з бульбай у крамах?

У невялікай крамцы «Еўраопт» на вул. Свярдлова, 22, знайшлі бульбу па цане Br1,08 за кіло — поўныя скрыні.

Клубні буйныя, аднак пры бліжэйшым разглядзе далёка не ўсе яны маюць таварны выгляд: ёсць зморшчаныя, з цвіллю, памятыя.

«Як на корм свінням!» — прыдзірліва выбірае бульбу пенсіянерка.

Ідзём у краму «Суседзі» на вул. Кірава, 4. Тут выбар большы: ёсць звычайная бульба па Br1,08 і мытая, фасаваная ў сеткі, па Br2,99.

Да апошняга тавару прэтэнзій па якасці няма: буйная якасная бульба. Аднак кошт можа задаволіць не ўсіх, ды і фасоўка па 4-5 кг падыдзе не кожнаму пакупніку.

А вось варыянт таннейшы выглядае значна горш: пазелянелыя, мятыя, месцамі падгнілыя клубні. Тут ужо выбраць кіло-два прыстойнага віду будзе больш складана.

Яшчэ адзін магазін «Суседзі» — у ТРЦ Galileo. Тут той жа асартымент: нямытая бульба па Br1,08 і мытая фасаваная па Br2,99 (да вечара яе, дарэчы, усю расхапалі).

Сталі выбіраць і расчараваліся: мяккая бульба, доўга не праляжыць, шмат «вочак». На кілаграм больш-менш прыстойных клубняў набралі, але якасцю ўсё ж засталіся не вельмі задаволены.

Зазірнулі ў невялікую «Санту» фармату «каля дома» на вул. Волаха, 2. Пакупнікі скардзяцца, што бульбачка тут бывае нячаста, а калі і завозяць, то абраць няма з чаго.

Бульба, якая пабачыла жыццё, абыдзецца пакупніку ў Br1,1 за кіло, і то калі пашанцуе назбіраць яе з сапсаваных астаткаў.

У іншых крамах сеткі ў гэтым раёне таксама ёсць падобныя праблемы — бульба не самай лепшай якасці.

У «Санце» на вул. Грушаўскай, 21, тавар таксама засмучае.

Па Br1,1 за кілаграм прадаецца не самы добры варыянт: зморшчаная бульбачка і з «вочкамі» — пасля чысткі нічога і не застанецца.

Ёсць за тую ж цану, але фасаваная па 2-3 кг у сетцы. Выглядае «жывейшай».

Побач крама «Суседзі» на пр. Дзяржынскага, 19.

Тут нямытая бульба таксама «сумная». За Br1,1 — парэзаная, зморшчаная і прыпсаваная.

Мытая бульба за свой кошт (Br2,72) магла б быць і лепшай: ёсць кавалкі клубняў, з парэзамі і мноствам «вочкаў».

А што ў супермаркетах?

Напрыклад, у Green ГЦ Minsk Mall выбар куды лепш.

Тут звычайная бульба каштуе па Br1,1 за кілаграм. Праўда, амаль уся зморшчаная, з цвіллю. Назбіраць на кілаграм не ўдалося.

Ёсць бульба мытая, фасаваная ў сеткі па 4—5 кг. Прэтэнзій да якасці няма. А вось цана ў параўнанні з нямытай агароднінай кусаецца — Br2,59.

Побач — бульба для запякання. Таксама добрая. За мытыя клубні давядзецца заплаціць Br2,3.

Знайшлі яшчэ і адборную бульбу з фасоўкай прыкладна па 2 кг. Адпавядае назве — даволі нядрэнная бульбачка. Цана, чакана, вышэйшая: якасная гародніна каштуе Br2,85 за кіло.

Зазірнулі ў гіпермаркет «Санта» ў «Мінск Міры». Знайшлі звычайную бульбу па Br1,1 за кілаграм, якая выглядае не так ужо дрэнна.

Ёсць некаторыя пытанні па якасці, але ў цэлым можна назбіраць сабе бульбачку на вячэру.

У гіпермаркеце «Еўраопт» на пр. Дзяржынскага, 3б ёсць бульба некалькіх відаў.

Самы танны варыянт — па Br1,08 — вымушае жадаць лепшага. Шмат зялёных клубняў, мяккіх і зморшчаных.

Ёсць за Br1,1. Не без заган, але ўжо лепей.

І «лакшэры»-варыянт за Br2,49 — мытая бульбачка, з некаторымі «вочкамі», але цалкам прыстойная. За добры тавар даводзіцца плаціць у два разы больш.

У супермаркеце «Алмі» на вул. Прытыцкага, 93, адзначаюць пакупнікі, з бульбай часта бяда.

Пад вечар выбраць не было з чаго: рэшткі бульбы за Br1,07 не прыцягваюць пакупнікоў.

«Зноў без бульбы! Ды што ж такое…» — скардзіцца жанчына на касе.

А што ў службах дастаўкі прадуктаў?

Паглядзелі на асартымент бульбы і ў буйных гандлёвых сетках, дзе можна закупіцца анлайн. Што цікава, практычна на ўсіх сайтах прадстаўлена толькі мытая бульба.

Так, у «Е-дастаўцы» можна заказаць клубні па цане ад Br2,59 за кілаграм (бульба для запякання). За Br2,99 — кіло мытай бульбы.

На сайце «Гіпа Market» асартымент шырэй. Тут можна знайсці і звычайную нямытую бульбу па Br1,1 за кіло.

Ёсць мытая чырвоная (Br2,62) і мытая фасаваная (за Br2,27 і Br2,74).

У анлайн-краме Green ёсць толькі мытая бульба. Цэны стартуюць ад Br2,39 і даходзяць да Br2,99.

Пачым бульба на Камароўцы?

Зазірнулі і на галоўны рынак краіны. Тут прадаецца бульбачка для сапраўдных знатакоў — з указаннем гатункаў, а прадаўцы ахвотна распавядаюць, для якіх мэт абраць той ці іншы гатунак гародніны.

Дэфіцытным тавар на рынку сапраўды не назавеш — асартымент шырокі, запасы вялікія.

Сярэдні цэннік — Br3,5 за кілаграм па-сапраўднаму адборнай бульбы. Можна знайсці і танней — напрыклад, па Br3.

А хтосьці прадае і клубні на выгляд крыху горшыя, але затое па Br1,1.

«І ўсё роўна лепш, чым у крамах», — кажа пенсіянерка.

Фермеры адзначаюць, што ніякіх праблем з бульбай у іх няма: усяго з лішкам, ураджай быў добры. Чаму ж такая сітуацыя ў магазінах, аналізаваць не бяруцца.

Робім высновы

З бульбай у гандлёвых сетках сапраўды ёсць праблемы. Вельмі часта клубні маюць нетаварны выгляд, а месцамі, асабліва ў магазінах фармату «каля дома», і зусім назіраюцца праблемы з пастаўкамі якаснага тавару.

Каментары7

  • даведка
    26.03.2025
    Яблоки белорусские размером с куриное яйцо и по цене тоже столько же стоят ~3,5.
  • даведка
    26.03.2025
    Налицо контрреволюционный саботаж в действиях государственных овощебаз и СПК, которые вынуждены отгружать в торговлю заведомый брак из-за приписок.
  • Мідас наадварот
    26.03.2025
    "Чаму ж такая сітуацыя ў магазінах, аналізаваць не бяруцца".

    Што тут аналізаваць, з бульбай здарыўся лукашызм.

Цяпер чытаюць

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады30

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, дзе зараз будзе працаваць чыноўніца, якая спала на інаўгурацыі Лукашэнкі5

Трамп загадаў Вэнсу прыбраць «неналежную ідэалогію» з музеяў і заапарка12

Лукашэнка рэзка абсек ініцыятыву прэм'ера Турчына: «Пачынае варушыць старое»15

Падрыў «Паўночнага патоку»: сталі вядомыя кулісы дзёрзкай дыверсіі, роля Залужнага і Польшчы31

«Я ехала ад вайны і бамбёжак»: Яўгенія Чарняўская пра пераезд на Кіпр20

Высадка ў Грэнландыі: Джэй Дзі Вэнс разам з жонкай прыляцеў на востраў без запрашэння6

Атмасферны трэйлер гульні пра старажытны Тураў выйшаў на беларускай мове7

«Невінаваты». Вярхоўны суд скасаваў прысуд Алвесу за згвалтаванне3

Эксперт пра знікненне амерыканскіх вайскоўцаў у Літве: Ёсць тры версіі13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады30

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць