Грамадства

На рынках пачалі прадаваць расаду. Колькі яна сёлета каштуе?

У нашы дні, калі на Новы год горача ў дэмісезонным паліто, а ў сярэдзіне сакавіка даводзіцца даставаць ужо далёка схаваныя шапку і рукавіцы, «наводзіць гадзіннік» па старых народных прыкметах, на жаль, не атрымліваецца. Прыкмета нашага часу: калі на рынках з’явілася расада, значыць, халады дакладна мінулі і наперадзе нас чакае сонейка і цяпло, піша «Звязда».

Пакуль у продажы ў асноўным расада кветак, лекавых і духмяных раслін, дэкаратыўных кустоў, а таксама клубніц, суніц і «суніц-клубніц» (пра іх будзе гаворка ніжэй).

Расада гародніны — памідораў, агуркоў, баклажанаў, кабачкоў, гарбузоў і г. д. — пойдзе пазней, тлумачаць прадаўцы. Актыўны гандаль ёю разгорнецца бліжэй да сярэдзіны красавіка. З-за пагрозы начных замаразкаў — звычайнай вясновай праблемы беларускіх агароднікаў — яе сеюць крыху пазней, чым «дэкаратыўку», інакш расада перарасце раней, чым прыйдзе час высаджваць яе ў грунт.

У вытворцаў расады існуе дакладны падзел: хтосьці займаецца толькі гароднінай, хтосьці — выключна дэкаратыўнымі раслінамі, лекавымі. Другія пачынаюць гандаль расадай раней. Зрэшты, на зеляніну — цыбулю «на пяро», кроп-пятрушку — такі падзел «сфер уплыву» не распаўсюджваецца, і гэта расада ўжо напоўніцу прадаецца.

«Для гэтай справы павінен быць талент…»

«Гваздзік ужо можна высаджваць. Два дні патрымаеце, пакуль холадна (у нас гэтымі днямі добры мароз быў!), і высаджвайце, — дае рэкамендацыі прадавец. — Адна скрыначка — адзін кусцік. А ўжо на наступны год дзяліце. Можна чаранкаваць».

Гваздзік суразмоўца прадае па 10 рублёў за скрынку, герань — па 12. Прадавец за суседнім прылаўкам, Ірына, расказвае, што гандлюе расадай на Камароўцы кожную вясну і ў яе гадавальніка ўжо напрацаваныя пастаянныя кліенты. 

«Пакупнікам наша расада вядомая, яны кажуць: гэта расада з гадавальніка ў Дзяржынску. А назвы ў майго гадавальніка няма, не прыдумала, — дае тлумачэнні Ірына. — Я свой гадавальнік усё жыццё збірала. Што ў нас ёсць? Усё, што бачыце на прылаўку. Гэта размарын, па 8 за кусцік. Гэта гартэнзія. А гэта фарзіцыя — белая і жоўтая».

Фарзіцыя вясной зацвітае першай: раскошныя буйныя кветкі на голых яшчэ галінках, заўважае яна. Жоўтая — яркая і кідкая, але без паху. Белая ніжэйшая і не так кідаецца ў вочы, затое духмяная. Пах, дарэчы, вельмі тонкі (саджанцы Ірына прадае ўжо з кветачкамі), быццам дарагой парфумы. Парадак цэн на фарзіцыю — ад 8 да 35 рублёў у залежнасці ад памеру і сорту.

Лістоў у фарзіцыі пакуль няма, але прадавец можа пра іх расказаць:

«У «жоўтых» сартоў кветкі розных тонаў. Бачыце: у аднаго саджанца — лімонныя, а ў другога — колеру сланечніка. І форма кветак розная. У аднаго — доўгія пялёсткі, у другога — больш круглявыя. І лісточкі ў іх будуць розныя: тут — зялёны ліст з жоўтай аблямоўкай. Калі куст адцвіце, усё адно будзе вельмі прыгожым. А тут лісточак будзе проста зялёны», — тлумачыць яна пакупніцы.

Магнолій у суразмоўніцы ўжо няма, прадала — на іх вялікі попыт. Будуць праз тыдзень, запэўнівае.

Сёлета магнолію прадаюць па 20 рублёў за кусцік. Саджанцы лаванды і размарыну ідуць па адной цане — 10 рублёў, шалфею — ад 12 да 18.

«Часцей за ўсё пакупнікі пытаюцца пра духмяныя расліны: чабор, лаванду, мяту, шалфей, бергамот і гэтак далей, — кажа Ірына. — У апошнія гады многія на сваіх участках вырошчваюць лекавыя расліны, яны таксама карыстаюцца попытам. Актыўна купляюць дэкаратыўныя хмызнякі — вейгелу, дэйцыю. Карыстаюцца попытам розныя сарты буйналіставых гартэнзій, калі яны рэмантантныя, то-бок цвітуць на парастках бягучага года. Калі гартэнзія цвіце на леташніх парастках, яна менш цікавіць пакупніка».

Каштуе гэта расліна ад 15 да 30 рублёў, гартэнзія мяцёлчатая таннейшая за іншыя: ад 10 да 30 рублёў у залежнасці ад сорту і памеру саджанца. У цэлым чым навейшы сорт і чым буйнейшы парастак, тым ён даражэйшы.

Сёння ў гадавальнікаў вялікі выбар саджанцаў бэзу — у сярэднім 30—40 рублёў за кусцік. Сартоў — дзясяткі. Махровы бэз самы дарагі.

«У крамах яшчэ даражэйшы», — каментуе прадавачка.

Ёсць і ўцэненыя: калі саджанец не надта прыгожа сфармаваўся, цана зніжаецца амаль напалову.

«Але корань тут добры, кусцік хутка пойдзе ў рост», — тлумачыць Ірына.

Пакупнікі дэкаратыўных раслін, як і можна было меркаваць, у асноўным жанчыны.

«Маладыя дзяўчаты часцей за ўсё бяруць першацветы, — кажа суразмоўца. — Ёсць нейкі працэнт мужчын, у асноўным дачнікі. Але большасць, вядома, жанчыны сярэдняга ўзросту — і дачніцы, і з сельскай мясцовасці, у каго свой дом».

— А чаму б не вырасціць расаду самім?

— Калі, напрыклад, браць цыбульныя (тыя ж першацветы) — пра гэта трэба было паклапаціцца загадзя, яшчэ ўвосень. Цыбульныя трэба купляць або ўвосень цыбулінай, або цяпер з кветкай.

— А іншыя саджанцы? Тую ж зеляніну, напрыклад?

— Каб вырасціць добрую расаду, патрэбен талент. Не ва ўсіх атрымліваецца. Трэба ведаць шмат тонкасцяў. Размарын, напрыклад, прадаецца ў насенні, але насенне практычна не ўзыходзіць. Я размнажаю яго чаранкамі. Але насенне прадаецца, людзі купляюць, робяць некалькі спроб і прыходзяць да нас па расаду. Мы прапануем больш устойлівыя і непатрабавальныя ці больш новыя і прыгожыя сарты пад розныя запыты.

Працаёмкі працэс

Вікторыя прадае расаду са Смалявіч, яе асартымент — таксама «дэкаратыўка», але галоўным чынам ягадная. Парасткі клубніц-суніц — аднаго памеру, здаровыя, нагадваюць салдат на парадзе. Каштуе адзін такі саджанец ад 3-3,50 да 5 рублёў у залежнасці ад сорту: чым больш запатрабаваны пакупніком сорт, тым, адпаведна, даражэйшая расада. Па пяць, напрыклад, суніцы-клубніцы, новы гібрыд гэтых дзвюх раслін.

«З выгляду ягады ў яе пачварныя, — кажа Вікторыя. — Такой неакуратнай формы…»

Звычайна клубніцы і суніцы сучасных сартоў маюць прыгожую, акуратную форму ягад, усе на кусце, ды і ў цэлым на градцы практычна аднаго памеру. Але не гэты гібрыд (ён мае назву «Купчыха»), адзначае суразмоўніца. Затое гэтыя ягады неверагодна смачныя, салодкія, духмяныя. І людзям падабаюцца: ужо не першы год «Купчыха» трымае лідарства на рынку расады. Яшчэ адзін лідар рынку — сорт «Азія» сярэдняга тэрміну паспявання, з вельмі буйнымі ягадамі. Цэннік на яго — таксама 5 рублёў.

«Вырошчваць расаду — вельмі працаёмкі працэс, — адзначае Вікторыя. — Так, раней, у савецкія часы, усе вырошчвалі яе самі. Але цяпер куды прасцей проста набыць неабходную колькасць парасткаў».

І, дарэчы, не надта вы і ашчадзіце, калі вырашыце ўсё рабіць самастойна, кажуць прадаўцы. Палічыце выдаткі на насенне, грунт, фіталямпы… Не кажучы ўжо пра ваш асабісты час і месца ў кватэры. Клубніцы трэба абнаўляць кожныя тры гады, інакш расліны дрэнна плоданосяць. 

А значыць, без пакупнікоў Смалявіцкі гадавальнік дакладна не застанецца.

Вікторыя расказвае, што клубніц-суніц у яе сартоў з 35. Ёсць вырашчаныя з італьянскага матэрыялу, ёсць — з айчыннага (у Смалявічах гэтыя ягады вырошчваюць часцей з вусоў, чым з насення). Выбар сартоў грунтуецца на пакупніцкім попыце:

«Шмат тых, хто хоча новыя сарты, але нямала прыходзіць і людзей, якія прывыклі да старых сартоў клубніц і суніц», — заўважае суразмоўца.

Яшчэ з «папулярнага» ў Вікторыі — зялёная цыбуля, пятрушка-кроп па 5, саджанцы ажыны па 15. Пакуль што людзі прыцэньваюцца і прыглядаюцца, кажа яна. Актыўных продажаў чакае крыху пазней, з прыходам стабільнага цяпла. На тых, хто «проста паглядзець падышоў», Вікторыя не крыўдзіцца.

«Мне падабаецца размаўляць з людзьмі. Часам бабулі прыходзяць адзінокія, ім пагаварыць няма з кім. Я з радасцю з імі пагавару — і пра кветкі, і пра клубніцы, і пра жыццё».

Каб расада добра расла, у яе трэба ўкладаць душу, лічыць суразмоўца.

«З парасткамі трэба размаўляць. Паліваеш расаду і размаўляеш з ёй: «Маленькія мае, ну як вы тут, мае любімыя раслінкі?» Гэта вам тут кожны скажа. Таму і расце ўсё. У нас жанчына стаіць побач за прылаўкам (сёння яе няма). Прадае хатнія фіялкі. Колькі ў яе сартоў! І якое шчасце — глядзець на іх! Часам прыйдзеш на працу ў дрэнным настроі, паглядзіш на яе кветкі — і адчуеш радасць. Фіялкі — кветкі капрызныя, у мяне, напрыклад, вырошчваць іх не атрымліваецца. А ў яе растуць!»

Сярод пакупнікоў Вікторыі ў асноўным дачнікі — людзі, так бы мовіць, дарослыя. Але шмат і моладзі:

«На балкон клубніцы-суніцы купляюць — сарты, што цвітуць усё лета. Ёсць і замежныя пакупнікі — у асноўным студэнты з Кітая, — працягвае Вікторыя. — Яны наогул часта ладзяць «агарод на балконе»: вырошчваюць для сябе і ягады, і агуркі-памідоры, і зеляніну».

Каментары

Цяпер чытаюць

Біёлаг Сяргей Шэлег, якога асудзілі на 8,5 года за данаты, пасля раптоўнага вызвалення марыць і далей дапамагаць беларусам. Яго філасофія натхняе4

Біёлаг Сяргей Шэлег, якога асудзілі на 8,5 года за данаты, пасля раптоўнага вызвалення марыць і далей дапамагаць беларусам. Яго філасофія натхняе

Усе навіны →
Усе навіны

Новы законапраект па аграсядзібах закране сферу падаткаў і льготных крэдытаў

«Уражанне, што ты касманаўт, які вярнуўся з далёкага палёту». Былы палітвязень Андрэй Кузнечык расказаў пра сваю рэсацыялізацыю1

«Вынік 30-гадовага кіравання». Беларуска абурылася цэнамі на грушы3

Расійская статыстыка паказала, наколькі праз санкцыі прасеў імпарт аўто з Беларусі1

Хлопец кінуў свае красоўкі ў кантэйнер Чырвонага Крыжа ў Мюнхене. Праз тыдзень іх ужо прадавалі ў сэкандзе ў Босніі20

У абутковай кампаніі «Белвест» мільённыя даўгі і пытанне захавання прадпрыемства6

Трамп заявіў пра жаданне здзелкі з Расіяй. А ў Зяленскага ён запытае, што ў таго чуваць6

У Францыі падчас музычнага фестывалю 145 чалавек укалолі шпрыцамі2

Рэчыцкія прапагандысты апалчыліся на лялек Лабубу5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Біёлаг Сяргей Шэлег, якога асудзілі на 8,5 года за данаты, пасля раптоўнага вызвалення марыць і далей дапамагаць беларусам. Яго філасофія натхняе4

Біёлаг Сяргей Шэлег, якога асудзілі на 8,5 года за данаты, пасля раптоўнага вызвалення марыць і далей дапамагаць беларусам. Яго філасофія натхняе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць