«Не ўзнагароджвай сябе ежай, ты не жывёла». Тыктокеркі запусцілі трэнд на хваравітую худзізну
У тыктоку распаўсюджваецца небяспечны трэнд пад назвай skinny tok. Дзяўчаты запісваюць відэа з парадамі наконт экстрэмальнага пахудзення — здаровага ў іх мала.
Кадры з ролікаў: sashalusslover, itzmevenus / TikTok
На сёння пад хэштэгам #skinnytok можна знайсці ўжо больш за 43 тысячы ролікаў, і ўсе яны выйшлі за апошнія месяцы. Хваравіта худыя дзяўчаты дзеляцца ў іх думкамі наконт пахудзення і матывуюць худзець надалей — маўляў, гэта іх шлях да поспеху ў жыцці.
З аднаго боку, парады пад гэтым хэштэгам могуць падацца карыснымі. Напрыклад, у гэтым роліку на 700 тысяч праглядаў блогерка sashalusslover прапануе есці больш бялкоў і клятчаткі, часцей рухацца і не рабіць ежу цэнтрам свайго жыцця.
Але пад гэтым жа хэштэгам публікуюць шмат відэа, дзе тыктокеркі лічаць кожную калорыю і моцна абмяжоўваюць сябе ў ежы, а таксама вучаць гэтаму іншых.
Ды і выгляд такіх дзяўчат — нармалізацыя хваравітай худзізны.
Асобная гісторыя — «матывацыйныя» словы, якія гучаць у гэтых роліках. Дзяўчаты просяць не ўзнагароджваць сябе ежай, бо «ты не жывёла» і называюць skinny tok мысленнем паспяховых людзей, а таксама кажуць, як іх жыццё нібыта змянілася да лепшага пасля таго, як атрымалася скінуць некалькі кілаграм.
Вось гэтая блогерка просіць не прапаноўваць ёй ежу — маўляў, яна і так ведае, што худая.
Спецыялісты абураныя такім трэндам. Дыетолаг Андрэа Мэціс кажа, што, з аднаго боку, skinny tok дапамагае людзям больш уважліва ставіцца да таго, што яны ядуць, і часам пахудзенне — насамрэч добрая ідэя. Але пры гэтым новы трэнд надае вельмі шмат увагі абмежаванням.
Андрэа разважае, што калі занадта захапіцца такімі ідэямі, можна дайсці да хваравітай апантанасці пахудзеннем. А там недалёка да папулярных сёння харчовых разладаў, якія вельмі небяспечныя для здароўя.
Чытайце таксама:
У Беларусі пакажуць «Minecraft у кіно» — фільм б'е рэкорды па сусветных зборах
«Гэта рок-н-рол». Шура Стоўн ацэньвае начосы лукашыстак з легендарнага артыкула «Нашай Нівы»
У краме знайшоўся прадукт за 36 капеек — яго можна з’есці з гарбатай