У Беларусі пакажуць «Minecraft у кіно» — фільм б'е рэкорды па сусветных зборах
12 красавіка чакаем у пракаце «Minecraft у кіно» — бадай, самы нечаканы блакбастар за першыя месяцы 2025-га. Расказваем, каго зацікавіць гэты фільм, што збірае шалёную касу ва ўсім свеце.

Новы фільм створаны па матывах легендарнай відэагульні Minecraft. Гэта гісторыя пра трохмерны свет, створаны з кубоў, дзе герой можа ствараць з іх розныя будынкі, як у Lego. Minecraft не мае канкрэтнага сюжэту і дае гульцу свабоду творчасці: напрыклад, можна даследаваць кубічны свет ці змагацца з ворагамі.
Калі сама гульня вам незнаёмая, фільм вы ўсё роўна зразумееце. За тое, каб раскрыць сусвет Minecraft, адказвае Стыў — харызматычны таўстун у выкананні акцёра Джэка Блэка. У дзяцінстве ён марыў працаваць шахцёрам, але вось бяда — дзяцей на шахту ў яго гарадку не пускалі.
Таму Стыву давялося пайсці ў клеркі, пакуль да яго не вярнуліся дзіцячыя памкненні. Шчаслівы збег абставінаў дапамог Стыву адкрыць для сябе свет Minecraft, дзе магчыма ўсё. Каб зберагчы яго ад ворагаў, давялося схаваць магічны артэфакт, але выпадкова ён трапіў у рукі Гарэта «Смецяра» Гарысана (Джэйсан Мамаа) — былога чэмпіёна па відэагульнях, які апынуўся на мяжы банкруцтва.

У кампанію да Гарысана прыбіваецца падлетак Генры — яшчэ адзін стэрэатыпны нікчэмнік, з якога здзекуюцца і аднакласнікі, і нават настаўнікі. Разам з Наталі, то-бок сястрой Генры, і іх рыэлтаркай Дон героі выпадкова трапляюць у свет Minecraft. Іх місія — разам са Стывам выратаваць новы свет ад ворагаў-піглінаў і знайсці шлях вярнуцца дахаты.
«Minecraft у кіно» атрымаў вельмі розную ацэнку ад крытыкаў і гледачоў.
Першыя паставіліся да стужкі халаднавата — напрыклад, на сайце-аграгатары рэцэнзій Rotten Tomatoes фільм мае рэйтынг ухвалення ўсяго 48%, а саму стужку называюць нуднай і дзіцячай.
Тым часам гледачы ў захапленні. Па даных на 8 красавіка «Minecraft у кіно» прынёс сваім стваральнікам шалёныя 336 мільёнаў даляраў у міжнародным пракаце, пры тым што бюджэт самога фільма складае 150 мільёнаў даляраў.
Параўнайце гэта з дыснэеўскай «Беласнежкай», якая выйшла на пару тыдняў раней і лічылася больш перспектыўнай: на тую стужку выдаткавалі прыкладна 250 мільёнаў даляраў, а сабраць у пракаце атрымалася толькі каля 170 мільёнаў даляраў.

Чым так чапляе «Minecraft у кіно»? Гэта файна зробленая для свайго жанру лёгкая і гумарная камедыя, хаця яе сюжэт і можа падацца знаёмым. Не ўпершыню нам паказваюць, як кінагероі трапляюць у камп’ютарную гульню, згадайце хаця б фільм «Джуманджы».
Але «Minecraft у кіно» зроблены так творча, што, здаецца, трохі банальнасці можна і дараваць. Шмат у чым гэта заслуга Джэка Блэка і Джэйсана Мамаа. Адданасць гэтых двух акцёраў і хімія паміж імі дапамаглі ўдыхнуць жыццё ў гэтую гісторыю.

У фільме багата камп’ютарнай графікі — цэлыя гарады і лясы ў стылі майнкрафта, па якіх гуляюць героі.
«Minecraft у кіно», канечне, зацікавіць фанатаў гульні, і зразумела, што збольшага на яго ў кіно ідуць дзеці. Калі вы гулялі ў Minecraft, знойдзеце для сябе ў фільме шмат пасхалак: напрыклад, ратавальнае вядро вады ці ваганеткі, што апынуліся ў цэнтры сапраўднай пагоні. Ледзь не самая знакамітая пасхалка — курыны жакей (зомбі верхам на курыцы), ад якога шалеюць дзеці ў амерыканскіх кінатэатрах.
Гэтая яркая і смешная стужка пасуе і для сямейнага прагляду, галоўнае — ставіцца да яе з той жа лёгкасцю, з якой яна зробленая.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары