БЕЛ Ł РУС

Праўладнага гомельскага актывіста пасля затрымання за «экстрэмізм» не ўзялі на канцэрт у Мінск. Ён пакрыўдзіўся

14.04.2025 / 15:48

Nashaniva.com

На відэа, выкладзенае работнікам камітэта ідэалагічнай работы Гомельскага аблвыканкама Дзмітрыем Ісачанкам, які кантралюе канал з назвай «Говорит Гомель | Гомельщина» адрэагаваў мясцовы праўладны актывіст Аляксандр Лебедзеў, заўважыў «Флагшток». Ён выказаў расчараванне, што яму, нягледзячы на ўласную актыўнасць, не знайшлося месца ў шматлюдным гомельскім дэсанце на прапагандысцкі канцэрт у Мінску.

Аляксандр Лебедзеў. Фота: сацсеткі

Ісачанка ў сваім відэа паказаў, як з Гомеля адпраўляецца калона аўтобусаў на прапагандысцкі канцэрт-рэквіем, які праходзіў 12 красавіка ў Мінску.

Лебедзеў пакінуў каментар, у якім напісаў, што «выбраныя змаглі паўдзельнічаць».

Ісачанка на гэта яму адказаў:

«Катэгарычна вы не маеце рацыі. Змаглі паўдзельнічаць тыя, хто сябе праяўляе ў вучобе, працы і грамадскім жыцці. А пад ляжачы камень вада не цячэ!»

Лебедзеў парыраваў:

«Я ж кажу: праявілі сябе — гэта і ёсць выбраныя».

Наведванне канцэрта і дастаўка ў Мінск і назад былі для гледачоў бясплатнымі, а іх адборам займаліся мясцовыя органы ўлады.

Сам малады актывіст Аляксандр Лебедзеў праяўляе сябе як можа: удзельнічае практычна ва ўсіх праўладных мерапрыемствах Гомеля, падтрымлівае ў інтэрнэце дзяржаўныя ініцыятывы сваімі каментарамі. Ён з'яўляецца членам БРСМ і камуністычнай партыі.

Праўда, у 2023 годзе яго затрымлівала міліцыя праз падпіску на «экстрэмісцкі» рэсурс, што цяпер нярэдка здараецца нават з праўладнымі актывістамі.

Раней Лебедзеў дзяліўся сваімі фатаграфіямі з паездак у Мінск на аналагічныя праўладныя мерапрыемствы. Цяпер жа актывісту не знайшлося месца ні ў адным з 10 аўтобусаў.

Як даведаўся «Флагшток», у дэлегацыю з Гомеля на канцэрт-рэквіем да 80-годдзя заканчэння «Вялікай Айчыннай вайны» ўключылі 420 чалавек. Для гэтага за сродкі гарадскога бюджэту Гомельскі гарвыканкам арандаваў 8 аўтобусаў. Фактычна ж з Гомеля выехала як мінімум 10 аўтобусаў.

Чытайце таксама:

Дзясяткі аднолькавых аўтобусаў. Як звозілі людзей на канцэрты нявесткі Лукашэнкі

У нявесткі Лукашэнкі новы праект. Прадзюсар — Ганна Лукашэнка, аўтар сцэнарыя — Ганна Сялук

Прарасійская актывістка Мірсалімава абурылася, што сілавікі дапыталі яе дачку

Каментары да артыкула