У Вярхоўным судзе не змаглі патлумачыць, калі зноў стануць даступныя расклады судовых пасяджэнняў
У пачатку красавіка журналісты заўважылі, што ўжо каля месяца на сайце Вярхоўнага суда не публікуецца расклад судовых паседжанняў. Гэта тлумачылася «рэгламентнымі работамі», а цяпер першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч патлумачыў, што гэтыя работы «бестэрміновыя», піша «Бюро».
«Тэрмін заканчэння работ у дачыненні да «раскладу судовых пасяджэнняў» у цяперашні час не вызначаны. Аб аднаўленні працы дадзенага сэрвісу карыстальнікі будуць праінфармаваныя», — піша Валерый Калінковіч у афіцыйным адказе на запыт.
Акрамя раскладу судовых пасяджэнняў, на сайце Вярхоўнага суда знік таксама раздзел аб «спецыяльнай вытворчасці», то-бок завочных судах над актывістамі, якія знаходзяцца за мяжой.
Раней з Нацыянальнага прававога інтэрнет-партала (pravo.by) знікла база судовых рашэнняў, дзе публікаваліся рашэнні судоў, у тым ліку па адміністрацыйных справах. У афіцыйным адказе Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі гаворыцца, што адбылася «аптымізацыя»:
«У рамках рэканструкцыі аддзела «Банк судовых рашэнняў» праведзены работы па аптымізацыі масіва рэсурсаў і яго інфармацыйнага напаўнення».
Яшчэ раней Вярхоўны суд абмежаваў доступ да банка даных судовых пастаноў, дзе публікаваліся рашэнні па эканамічных справах.
Чытайце таксама:
Жыхарку Салігорска будуць судзіць за 54 пераводы палітвязням. Ёй пагражае да сямі гадоў