БЕЛ Ł РУС

«Канкурэнцыя вельмі жорсткая». За апошнія гады некалькі кітайскіх навукоўцаў, якія займаліся ШІ, памерлі ў маладым узросце

15.04.2025 / 18:23

Nashaniva.com

За апошнія гады некалькі кітайскіх навукоўцаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё штучнага інтэлекту ў ваеннай і медыцынскай галінах, памерлі ў раннім узросце па да канца не зразумелых прычынах, піша выданне South China Morning Post.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Паводле даных газеты, у чэрвені 2022 года ва ўзросце 45 гадоў памёр эксперт па камп'ютарным зроку Сун Цзянь, былы галоўны навуковы супрацоўнік кітайскай кампаніі Megvii Technology, якая займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння для распазнавання малюнкаў і глыбокага навучання.

Таксама два трагічныя інцыдэнты адбыліся ў 2023 годзе. Першы з іх тычыцца Фэн Янхэ, спецыяліста па штучным інтэлекце ў сферы абароны, які загінуў ва ўзросце 38 гадоў па дарозе на выкананне задання, як пазначана ў афіцыйным некралогу. Ягоныя даследаванні былі звязаны з вайсковымі гульнямі і планаваннем з дапамогай тэхналогій ШІ. 

Пазней стала вядома пра гібель яшчэ аднаго даследчыка — Тан Сяоу, заснавальніка тэхнагіганта SenseTime, які спецыялізаваўся на распрацоўцы мадэляў распазнання твараў. Ён памёр ва ўзросце 55 гадоў, і, як удакладняецца ў некралогу, прычынай яго смерці стала хвароба, характар якой не ўдакладняецца.

Апошні выпадак, пра які паведамляе газета, адбыўся ў 2024 годзе. Саракагадовы Хэ Чжы, сузаснавальнік і галоўны дырэктар па інавацыях кампаніі Yidu Tech, якая на аснове вялікіх баз даных і тэхналогій ШІ распрацоўвае рашэнні ў галіне аховы здароўя, памёр ва ўзросце 40 гадоў ад прыступу горнай хваробы і няўдалай спробы выратаваць яго жыццё.

«Ранняя смерць гэтых экспертаў — у выніку няшчасных выпадкаў або хвароб — выклікала занепакоенасць з нагоды асабістай бяспекі спецыялістаў галіны і напружанага даследчага асяроддзя, у якім яны працуюць», — сказана ў матэрыяле.

Гэтыя выпадкі выклікалі дыскусіі аб празмерных нагрузках у кітайскай IT-сферы. Нягледзячы на высокія заробкі і сацыяльны статус, даследчыкі працуюць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі і пастаяннага ціску.

Кітай, які імкнецца абагнаць ЗША ў гонцы ШІ-тэхналогій, змушае навукоўцаў працаваць на мяжы магчымасцяў.

«Індустрыя развіваецца занадта хутка, а канкурэнцыя вельмі жорсткая», — заявіў выданню кітайскі IT-эксперт Лю Шаашань.

Чытайце таксама:

Як штучны інтэлект зменіць нашу медыцыну за наступныя гады? Разважае беларуска-заснавальніца стартапа

Штучны інтэлект будзе выяўляць патэнцыйных забойцаў у Вялікабрытаніі. Крытыкі называюць гэта антыўтопіяй

Еўрапейскі ўніверсітэт залічыў першага студэнта — штучны інтэлект

Ахінея пра ШІ

Каментары да артыкула