Машына заўсёды будзе абмежаваная ў тым, што яна можа. Што застанецца сферай чалавека, піша аналітык Аляксей Быкаў — беларус, які працуе на вялікую еўрапейскую ІТ-кампанію.

Мала што ў мяне выклікае такую вясёлую рэакцыю, як хайп вакол генератыўнага штучнага інтэлекту ад усіх гэтых пыхлівых інфамахляроў і спекулянтаў, якія зарабляюць грошы з бурбалкі ад раздзьмутай капіталізацыі Nvidia і TSMC і з сур'ёзным тварам разважаюць, што «Штучны інтэлект хутка заменіць усіх праграмістаў / пісьменнікаў / інжынераў / турыстычных гідаў», і пазабірае ва ўсіх людзей працу.
Такую ахінею чалавек можа казаць у некалькі выпадках.
1. Калі чалавек ранцье і жыве з гэтага хайпу.
2. Чалавек увогуле слаба сабе ўяўляе, што такое Computer Science і на якіх прынцыпах яно пабудавана.
3. Чалавек ніколі ў жыцці не працаваў з жывымі людзьмі на рэальных праектах і думае, што прафесія праграміста — гэта на 100% напісанне коду.
Многія людзі, на якіх такая ахінея разлічаная, думаюць, што праграміст кожны дзень 8 гадзін піша сабе код, і на гэтым усё. Дапушчэнне, якое робяць людзі, наступнае: «Ага, праграмісты 8 гадзін на дзень пішуць код, а машыны хутка будуць пісаць код нашмат лепшы і хутчэйшы за чалавека, таму прафесія знікне».
Ага, як жа.
Праграміст (як і большасць іншых айцішных і інжынерных прафесій) — гэта пра вырашэнне праблем замоўцы і стварэнне вартасці для яго. Код — гэта толькі інструмент, які не займае і паловы часу. Нашмат больш часу займае іншае.
Машына і праўда можа дапамагчы з вырашэннем праблемы і стварэннем гатовага рашэння. Напіша вам цудоўны код і падкажа, як яго запусціць.
Але кожнае тэхнічнае рашэнне павінна абапірацца на дакладнае разуменне:
— што прынясе замоўцу вартасць,
— якія рэальныя патрэбы вашага кліента (людзі часта блытаюць і падмяняюць рэальныя патрэбы нейкім адным рашэннем),
— у якім кантэксце дзейнічае арганізацыя,
— якія інтарэсы стэйкхолдараў,
— якіх зменаў мы хочам дасягнуць, калі ствараем нейкае рашэнне.
І ўсё пералічанае вышэй ідзе ад ЧАЛАВЕКА, ад ягонай волі. І адэкватна ацаніць гэтыя фактары машына не ўмее (людзі гэтаму даюць рады нашмат лепей, але таксама вельмі і вельмі недасканала, не будзем іх пераацэньваць).
Не верце песімістам-дэтэрміністам-прапагандыстам.
Машына можа хутчэй за чалавека палічыць нейкі складаны інтэграл альбо нешта запомніць. Але не машына вырашае, што важнае, каштоўнае, якія вашы рэальныя патрэбы, не здольная ацаніць кантэкст і інтарэсы жывых людзей.
Не верце інфармацыйным махлярам. Работы кожнаму хопіць на яго век. Вы проста сабе ўявіць не можаце, якая праблема для IT-кампаній знайсці сабе не зорак, а хаця б проста прытомных і адэкватных работнікаў нават цяпер, нават на пачатковыя пазіцыі.
Работы хапае для ўсіх.
Каментары
Іншымі словамі, мэтапакладанне носіць каштоўнасны характар. Суб'ектыўны, не абсалютны (які можна аднойчы і назаўсёды вырашыць для ўсіх).
Але пры гэтым ШІ можа як мінімум навучыцца падказваць варыянты для людзей, якія рашэнні магчымыя, якія спрацавалі раней ў падобных сітуацыях.
Так што і тут прагрэс магчымы. Усё роўна вырашае чалавек, але можа мець інструменты ў выглядзе ШІ.
Прабачь Аляксей