Каманду Ціханоўскай пакінуў кіраўнік аддзела знешніх сувязяў
Пра сыход кіраўніка аддзела знешніх сувязяў Офіса Святланы Ціханоўскай Данііла Гаркавага паведаміла сама Ціханоўская.
Святлана Ціханоўская і Данііл Гаркавы. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
«Данііл далучыўся да нас яшчэ ў лістападзе 2020 года і ўсе гэтыя гады мы былі побач у Літве. Я ўдзячная яму за спакой, высокую эфектыўнасць у распрацоўцы і рэалізацыі праектаў, і, канешне, за веру ў Беларусь. Ведаю, што рашэнне пакінуць Офіс было няпростым.
Я яго паважаю, прымаю і падтрымліваю. І веру, што прыйдзе дзень — і мы зноў будзем працаваць разам, ужо ў вольнай Беларусі. Для мяне гэта таксама напамін, што Офіс як структура павінен быць гатовы да зменаў, у тым ліку кадравых. Нашая задача — будаваць устойлівыя сістэмы, якія будуць функцыянаваць у любых умовах і служыць людзям», — заявіла Ціханоўская.
«Сыход — гэта не развітанне. Працягваю верыць у нашу агульную справу і ведаю, што мы яшчэ сустрэнемся і будзем працаваць разам як са Святланай, так і з іншымі калегамі і каляжанкамі, многіх з якіх, на вялікі жаль, не маю права называць публічна», — пракаментаваў сваё рашэнне Гаркавы.