З Мінска ў Гродна замест маршрутак будуць ездзіць кітайскія аўтобусы
З 21 красавіка на рэгулярнай аснове на маршруце «Гродна — Мінск» пачнуць курсіраваць новыя сучасныя аўтобусы. Тэставанне паказала іх эфектыўнасць, там цяпер у раскладзе будзе больш за 40 рэйсаў штодня, паведаміла Міжрэгіянальная асацыяцыя перавозчыкаў (МАП).
На маршруце будуць працаваць аўтобусы розных перавозчыкаў з Гродна і Мінска — усе яны ўваходзяць у Міжрэгіянальную асацыяцыю перавозчыкаў.
Кітайскія аўтобусы Zhong Tong набылі напрыканцы 2024 — пачатку 2025 года спецыяльна для гэтага папулярнага маршруту. Усяго будзе працаваць 10 аўтобусаў, а агульны аб’ём інвестыцый склаў 1,5 мільёна долараў.
Перавагі аўтобусаў перад маршруткамі, як сцвярджае МАП — гэта камфорт і бяспека: зручныя сядзенні з рамянямі бяспекі, індывідуальныя USB-разеткі, кандыцыянеры, вялікія багажныя адсекі. Да таго ж аўтобусы лепш абараняюць у выпадку надзвычайных сітуацый.
Яшчэ адна перавага — умяшчальнасць. Аўтобус можа перавозіць больш за 40 пасажыраў (маршрутка — каля 15), што асабліва важна ў пікавыя гадзіны і святы.
Па часе аўтобусы нібыта прайграваць маршруткам не будуць — ад цэнтра Гродна да вакзала ў Мінску шлях займае 3 гадзіны 50 хвілін. Першая ранішняя выправа з Гродна — у 2:00, прыбыццё ў Мінск — у 5:50. Апошні рэйс у Гродна адпраўляецца з Мінска ў 23:50. У пікавыя часы аўтобусы ходзяць кожныя паўгадзіны.
Цану на квіткі абяцаюць не мяняць — яна застаецца 35 рублёў. Больш за тое, праз аператара Atlas дзейнічае дынамічнае цэнаўтварэнне: білеты на менш запатрабаваныя рэйсы або пры раннім браніраванні можна набыць за 30—31 рубель.
Аўтобусы ўпрыгожваюць спецыяльнымі ліўрэямі з нацыянальнымі і рэгіянальнымі матывамі: на бартах намаляваныя замкі Гродна, драмтэатр, Нацыянальная бібліятэка, «Вароты Мінска», зубр і васількі.
Што да маршрутак, то яны застаюцца па-ранейшаму актуальнымі, але не на гродзенскім напрамку, а на некаторых іншых, дзе яны больш эканамічныя.
Першыя аўтобусы Zhong Tong з’явіліся на маршруце Гродна-Мінск у снежні 2024 года, нагадвае ў сувязі з гэтай навіной выданне Hrodna.life. Некаторыя гродзенцы, якія паспелі праехацца на новым транспарце, аднак, засталіся незадаволенымі, хоць увогуле думкі падзялілася. Адныя адзначалі, што кітайскія аўтобусы цесныя і некамфортныя, а іншыя ўзрадаваліся наяўнасці разетак і большай бяспецы, у параўнанні з маршруткамі.
Чытайце таксама:
Беларусы на Вялікдзень вяртаюцца на радзіму. На польска-беларускай мяжы калапс
Дзясяткі аднолькавых аўтобусаў. Як звозілі людзей на канцэрты нявесткі Лукашэнкі
Ці могуць пасажыра аштрафаваць, калі кіроўца не змог прадаць яму квіток?