«Я наогул не ў курсе». У нясвіжскай міліцыі расказалі, ці шукаюць Анжаліку Мельнікаву
У нясвіжскай міліцыі няма «на слыху» інфармацыі пра пошукі зніклай спікеркі Каардынацыйнай рады. «Белсат» пад выглядам ейнай знаёмай спытаў, ці ёсць заява пра знікненне Мельнікавай і чаму яе не шукаюць.
Участковы інспектар міліцыі Раман Гнядзько распавёў, што, калі кагосьці няма так доўга, як Анжалікі Мельнікавай, то дакладна можна афіцыйна шукаць — трэба толькі асабіста напісаць заяву. Удакладняем, ці чуў ён пра знікненне Мельнікавай.
«Не чуў», — кажа Раман Гнядзько.
Калі б мы хацелі падаць заяву аб знікненні, то яе б не прынялі. Гэта могуць зрабіць толькі блізкія сваякі, дадае суразмоўца.
«Я наогул не ў курсе гэтай сітуацыі наконт вашай Анжалікі Мельнікавай. Вы задайце сваякам пытанне, чаму яны яе не шукаюць. Калі месяц прайшоў, пара яе шукаць», — кажа Гнядзько.
— Можа, усё ж такі заява пададзеная?
«Не магу вам сказаць [чаму яе не шукаюць]. У мяне на слыху няма такога», — адзначае ўчастковы.
***
Пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай яе калегі паведамілі ўвечары 28 сакавіка. У заяве Паўла Латушкі гаварылася, што сувязь адсутнічае з 25 сакавіка, аднак гаворка ідзе пра анлайн-камунікацыю. Насамрэч Мельнікаву ўжывую не бачылі ўжо даўным-даўно. Пазней стала вядома, што Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Еўрасаюза 26 лютага, а яе былы муж з'ехаў з Польшчы ў Беларусь 3 сакавіка.
7 красавіка журналістам «Люстэрка» ўдалося паразмаўляць з былым мужам Анжалікі Мельнікавай, які пацвердзіў, што знаходзіцца ў Беларусі, а дзеці — пры ім. Бацькі Мельнікавай у размове з журналістам «Еўрарадыё» таксама пацвердзілі, што дзеці знаходзяцца ў Беларусі, а пра месцазнаходжанне самой Анжалікі яны самі нічога не ведаюць і трывожацца.
8 красавіка віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Станіслава Гліннік, якая цяпер выконвае абавязкі спікеркі, паведаміла, што 13 сакавіка з акаўнта Анжалікі Мельнікавай былі спампаваныя файлы, да якіх яна мела доступ у рамках працы Каардынацыйнай рады. Сярод іх — стратэгічны план, бюджэт, унутраныя даклады і іншыя аперацыйныя матэрыялы пачынаючы з ліпеня 2024 года.
10 красавіка тэлеканалу «Белсат» стала вядома, што з рахунка фонду Białoruś Liberty, заснаванага Анжалікай Мельнікавай, знялі грошы. Зрабіла гэта яна сама ці хто іншы, пакуль невядома.
14 красавіка стала вядома, што расследаванне знікнення Анжалікі Мельнікавай у Польшчы перавялі на больш высокі ўзровень — замест Варшаўскай акруговай пракуратуры гэтым будзе займацца Нацыянальная пракуратура. На думку следчых, справу павінны расследаваць пракуроры, якія займаюцца найбольш важнымі справамі, у тым ліку пытаннямі шпіянажу.
Чытайце таксама:
«Яна працавала і атрымлівала заробак». НАУ адказаў наконт грошай Мельнікавай
Мельнікава прасіла, каб яе апошняе запісанае інтэрв'ю выйшла раней за сярэдзіну сакавіка
«Мельнікава пазычала грошы актывістам у Варшаве і не прасіла вярнуць»
«Мельнікава пазычала грошы актывістам у Варшаве і не прасіла вярнуць»
Экс-муж Мельнікавай: Пра знікненне Анжалікі нікуды не звяртаўся, не бачу сэнсу