Экс-муж Мельнікавай: Пра знікненне Анжалікі нікуды не звяртаўся, не бачу сэнсу
Ужо тры тыдні нічога не вядома пра месцазнаходжанне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. У той жа час вядома, што яе дзеці, мяркуючы па ўсім, у Беларусі, як і былы муж Андрэй. «Еўрарадыё» ўдалося паразмаўляць з экс-мужам Мельнікавай Андрэем.

Падчас размовы супрацоўнікі «Еўрарадыё» прадставіліся журналістамі, не ўдакладніўшы з якога медыя, каб не ствараць для Мельнікава пагрозы праз камунікацыю з «экстрэмістамі».
— Можа, з'явіліся нейкія навіны пра Анжаліку?
— Ну не, не… таксама ніхто нічога не ведае, нічога пакуль няма.
— А вы звярталіся куды-небудзь… у міліцыю?
— Ну… я асабіста не звяртаўся… Гэта… так, праз знаёмых больш.
— Праз знаёмых, але хтосьці звярнуўся ў нейкія органы? Калі знікае чалавек — трэба ж, напэўна, каб шукалі?
— Ну… ну я… нікуды афіцыйна не звяртаўся. Не ведаю, не бачу ў гэтым сэнсу.
— А чаму?
— Ну… таму… хм… таму што не бачу… [пасмейваючыся] не ведаю. Ну, не хачу звязвацца з органамі ў такім стылі.
— Ці вы думаеце, што яна сама кудысьці проста з'ехала?
— Ой! Без паняцця. Увогуле ж… ну я не ведаю, у мяне ніякай інфармацыі няма.
— А дзеці з вамі яшчэ?
— Так, дзеці са мной. У мяне… як бы [уздыхнуў] мы разведзеныя, у прынцыпе, таму… вось…
— Скажыце, а як вы з'язджалі? Вы з Польшчы разам з дзецьмі з'язджалі?
— Усё, без каментароў.
Пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай яе калегі паведамілі ўвечары 28 сакавіка. У заяве Паўла Латушкі гаварылася, што сувязь адсутнічае з 25 сакавіка, аднак гаворка ідзе пра анлайн-камунікацыю. Насамрэч Мельнікаву ўжывую не бачылі ўжо даўным-даўно. Пазней стала вядома, што Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Еўрасаюза 26 лютага, а яе былы муж з'ехаў з Польшчы ў Беларусь 3 сакавіка.
7 красавіка журналістам «Люстэрка» ўдалося паразмаўляць з былым мужам Анжалікі Мельнікавай, які пацвердзіў, што знаходзіцца ў Беларусі, а дзеці — пры ім. Бацькі Мельнікавай у размове з журналістам «Еўрарадыё» таксама пацвердзілі, што дзеці знаходзяцца ў Беларусі, а пра месцазнаходжанне самой Анжалікі яны самі нічога не ведаюць і трывожацца.
8 красавіка віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Станіслава Гліннік, якая цяпер выконвае абавязкі спікеркі, паведаміла, што 13 сакавіка з акаўнта Анжалікі Мельнікавай былі спампаваныя файлы, да якіх яна мела доступ у рамках працы Каардынацыйнай рады. Сярод іх — стратэгічны план, бюджэт, унутраныя даклады і іншыя аперацыйныя матэрыялы пачынаючы з ліпеня 2024 года.
10 красавіка тэлеканалу «Белсат» стала вядома, што з рахунка фонду Białoruś Liberty, заснаванага Анжалікай Мельнікавай, знялі грошы. Зрабіла гэта яна сама ці хто іншы, пакуль невядома.
14 красавіка стала вядома, што расследаванне знікнення Анжалікі Мельнікавай у Польшчы перавялі на больш высокі ўзровень — замест Варшаўскай акруговай пракуратуры гэтым будзе займацца Нацыянальная пракуратура. На думку следчых, справу павінны расследаваць пракуроры, якія займаюцца найбольш важнымі справамі, у тым ліку пытаннямі шпіянажу.
Мельнікава рыхтавала сваё знікненне і маніпулявала атачэннем. Пакуль няясна, ці дзейнічала яна па камандзе з Мінска
Лявончык: Мельнікава вылецела ў Лондан і, не затрымліваючыся, вылецела з Лондана — гэта 100-працэнтна
Расследаванне знікнення Анжалікі Мельнікавай перавялі на больш высокі ўзровень
Лукашэнка пракаментаваў знікненне Анжалікі Мельнікавай
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары