У Беларусі будуюць чатыры буйныя пляцоўкі чакання каля мяжы
У хуткім часе ў Беларусі пабудуюць і ўвядуць у эксплуатацыю чатыры прыгранічныя пляцоўкі чакання электроннай чаргі, расказаў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі.
Фота ілюстрацыйнае
Аб’екты пабудуюць каля пунктаў пропуску «Каменны Лог», «Грыгароўшчына», «Варшаўскі мост» і «Казловічы». На іх з’явіцца каля 2 тысяч машына-месцаў у дадатак да ўжо наяўных.
Каля пагранперахода «Казловічы» будзе самая вялікая пляцоўка чакання ў Еўропе. Яна зойме 15 га плошчы, на якой змесціцца каля 800 машын.
«Такая пляцоўка здымае чаргу грузавікоў прыкладна на 1,5 км. Самае галоўнае — на ёй плануем максімальны сацыяльны пералік паслуг — пачынаючы ад душа, пральні, кругласутачнай кавярні, Wi-Fi. Гэта комплекс, які павінен быць для нармальнага чакання кіроўцаў», — акцэнтаваў увагу старшыня ДМК.
У 2026 годзе плануюць увесці ў эксплуатацыю зону чакання таксама перад пунктам мытнага афармлення «Варшаўскі мост». У ёй змогуць знаходзіцца адначасова каля 450 легкавых аўтамабіляў.
На літоўскай граніцы перад пунктам пропуску «Каменны Лог» у 2025 годзе пачнуць будаваць пляцоўку чакання электроннай чаргі. Па словах Уладзіміра Арлоўскага, яна невялікая, таму абсталююць і другую.
У планах таксама пачаць праектаванне пляцоўкі на латвійскім напрамку, у пункце пропуску «Грыгароўшчына».
Чытайце таксама:
Чэргаў на выезд з Беларусі няма
Кіраўнік МУС Польшчы выключыў адкрыццё пунктаў пропуску да змены палітыкі беларускіх уладаў
Польшча паставіць на мяжы з Беларуссю 70-метровыя вышкі
Беларусы на Вялікдзень вяртаюцца на радзіму. На польска-беларускай мяжы калапс