66-гадовага педагога са Столінскага раёна абвесцілі «тэрарыстам»
Віктара Кухарчука, які ўсё жыццё адпрацаваў у сістэме адукацыі, асудзілі за крытыку расійскай агрэсіі.
Віктар Кухарчук. Фота з ягонай старонкі ў Аднакласніках
Віктару Кухарчуку 66 гадоў. Ён вучыўся ў Лядзецкай школе ў Столінскім раёне, а пасля на гістарычным факультэце аднаго з універсітэтаў. Усё жыццё працуе ў сферы адукацыі.
Жыве Кухарчук у вёсцы Вялікія Арлы таго ж Лядзецкага сельсавета. Працаваў у Арлоўскай сярэдняй школе, адміністраваў сайт школы.
Педагога асудзілі ў Брэсцкім абласным судзе за «распальванне варожасці» — за каментары з рэзкай крытыкай расійскай агрэсіі ва Украіне. У тэлеграме ён быў падпісаны ўласным іменем.
Няма пэўнасці, ці Кухарчука трымалі ў СІЗА да суда. Невядомы і прысуд. Аднак у спісе «экстрэмістаў» педагог пазначаны як чалавек з непагашанай судзімасцю. Звычайна так пазначаюць людзей, якім прысудзілі хатнюю хімію.
А сёння імя Віктара Кухарчука з'явілася і ў спісе «тэрарыстаў», які вядзе КДБ.
Чытайце таксама:
За данаты асудзілі двух жыхароў Віцебскай вобласці
Палітзняволенай Алене Лазарчык дадалі паўтара года калоніі
Пасля 5 гадоў зняволення выйшаў на свабоду палітвязень Павел Юхневіч