БЕЛ Ł РУС

У Беларусі распаўсюджваецца правакатыўная суполка Dolgb у адказ на «прыезд 150 тысяч пакістанцаў». Што за яна?

22.04.2025 / 17:37

Nashaniva.com

Хто стаіць за ініцыятывай — незразумела.

Эмблема суполкі

Што такое DOLGB?

У допісах у тыктоку і іншых сацыяльных сацсетках нехта спрабуе піярыць суполку DOLGB — «доўг адстаяць асобу грамадзянаў Беларусі». Яна створаная 19 красавіка, але актыўна піярыцца ў апошнія два дні. За гэты час яна набрала ўсяго каля 100 падпісантаў у тэлеграме, але невядомыя людзі раскідваюць спасылку на яе па многіх чатах.

Ініцыятыва з'явілася ў сувязі з магчымым прыездам 150 тысяч пакістанскіх мігрантаў у Беларусь. Мэта DOLGB заяўленая абстрактная — зберагчы беларусаў, а асабліва беларускіх жанчын «ад непавагі за знешні выгляд або традыцыі», а таксама «абараніць інтарэсы беларусаў законнымі шляхамі».

У суполцы распаўсюджваюцца нічым не пацверджаныя звесткі пра тое, што пакістанцы ўжо пачалі масава прыбываць у Беларусь. Пры гэтым аніякіх тлумачэнняў таго, якім менавіта чынам яны адрозніваюць грамадзян шматмоўнага і шматкультурнага Пакістана ад грамадзян іншых краінаў, не прыводзіцца.

Суполка пазіцыянуе сябе як «рух». Для ўступлення трэба даслаць імя, узрост, вобласць, пол і згадзіцца з правіламі руху. Таксама ад імя «руха» была створаная сетка малалікіх чатаў.

Хто можа стаяць за суполкай?

Адразу, вядома, можна дапусціць руку беларускіх ці іншых спецслужбаў. Але цалкам імаверна, што гэта не так.

Па-першае, у самой суполцы не збіраюцца аніякія асабістыя звесткі. І нават для ўступлення ў «рух» не трэба даваць пра сябе асабістых звестак, якія б дазволілі адназначна вас ідэнтыфікаваць. Бот зроблены на староннім сервісе. Спецслужбы звычайна дзейнічаюць больш радыкальна, збіраючы такія звесткі, якія дазволяць адназначна здэананімізаваць карыстальнікаў.

Па-другое, суполка створаная з абрывістых і хаатычных паведамленняў, якія чаргуюцца з шматслоўнымі і такімі ж хаатычнымі разважаннямі. Гэта дазваляе дапусціць, што чалавек, які стварыў суполку, піша гэта ўсё абсалютна шчыра.

Такім чынам, гэты выпадак больш нагадвае выпадак з ПВК «Родан» — школьнікі і маладыя людзі яднаюцца вакол нейкай папулярнай і хайповай цяпер тэмы.

Імаверна, яны сапраўды занепакоеныя прыездам вялікай колькасці іншаземцаў, асабліва ў сітуацыі, калі аніякага ўцямнага тлумачэння таго, як гэта будзе рэалізавана, ад уладаў не паступае.

Пакуль па гэтай тэме працуюць толькі прапагандысты, але атрымліваецца, здаецца, так сабе. У тэму ўключыліся і сілавікі, якія абяцаюць рэпрэсіі тым, хто няправільна каментуе падзеі.

Цалкам магчыма, што стваральнікаў суполкі чакаюць рэпрэсіі ад беларускіх сілавікоў гэтак жа, як гэта было са стваральнікамі суполак ПВК «Рэдан».

Чытайце таксама:

Навошта Лукашэнку спатрэбіліся 150 тысяч пакістанцаў?

«Яны чамусьці думаюць, што іх зараз згвалцяць». Прапаганда кінулася тушыць абурэнне беларусаў 150 тысячамі пакістанцаў

Што значыць прыезд 150 тысяч мігрантаў з Пакістана ў Беларусь: погляд Ігара Тура

Каментары да артыкула