Міністр абароны ЗША загадаў абсталяваць у Пентагоне пакой для макіяжу падчас абвешчанага скарачэння выдаткаў
Міністр абароны ЗША Піт Хэгсэт ініцыяваў пераабсталяванне пакоя ў Пентагоне пад грымёрку для падрыхтоўкі да тэлевізійных выступаў. Навіна выклікала рэзананс у медыя на фоне абвешчанага адміністрацыяй Трампа скарачэння дзяржаўных выдаткаў.
Міністр абароны ЗША Піт Хэгсэт. Фота: AP Photo / Mark Schiefelbein
Паводле інфармацыі CBS News, пераўтварэнне «зялёнага пакоя» (green room) у грымёрку абышлося бюджэту Пентагона ў некалькі тысяч долараў. Першапачатковы кошт праекта ацэньваўся ў $40 000, але пасля крытыкі і ўнутраных абмеркаванняў выдаткі былі значна скарочаныя. Па словах прадстаўнікоў Міністэрства абароны, выкарыстаныя матэрыялы былі пераважна са склада і наяўных запасаў.
У памяшканні былі ўстаноўленыя вялікае люстэрка з асвятленнем, новае крэсла і стол. Пры гэтым, як сцвярджае сам Хэгсэт, ён карыстаецца грымам самастойна, без прыцягнення прафесійных візажыстаў.
Да таго, як стаць міністрам абароны, Хэгсэт быў вядучым на канале Fox News. З моманту свайго прызначэння ён паабяцаў засяродзіцца на паляпшэнні баявых здольнасцей узброеных сіл і іх боегатоўнасці.
Хэгсэт апошнім часам некалькі разоў трапляў у гучныя скандалы. З апошняга, паводле СМІ, ён дзяліўся інфармацыяй пра ваенныя аперацыі ў закрытых чатах у дадатку Signal, дзе сярод удзельнікаў была яго жонка — таксама былая прадзюсарка Fox. Хэгсэт адмаўляе гэта.