БЕЛ Ł РУС

Анжаліку Мельнікаву польскія следчыя разглядаюць як пацярпелую

24.04.2025 / 18:12

Nashaniva.com

Кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паведаміў пра атрыманнне ім афіцыйных пісьмовых адказаў ад польскіх праваахоўных органаў па сітуацыі, звязанай са знікненнем Анжалікі Мельнікавай. 

Анжаліка Мельнікава

Люблінскі аддзел Дэпартамента па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры Польшчы праінфармаваў Паўла Латушку адмысловым лістом пра тое, што пастановай пракурора ад 16 красавіка 2025 года распачата следства па справе пазбаўлення свабоды ў дачыненні да Анжалікі Мельнікавай на падставе арт. 189 § 1 (незаконнае пазбаўленне свабоды) Крымінальнага кодэкса.

Ніякіх іншых падрабязнасцяў Паўлу Латушку не паведамілі.

Пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай яе калегі паведамілі ўвечары 28 сакавіка. У заяве Паўла Латушкі гаварылася, што сувязь адсутнічае з 25 сакавіка, аднак гаворка ідзе пра анлайн-камунікацыю. Насамрэч Мельнікаву ўжывую не бачылі ўжо даўным-даўно. Пазней стала вядома, што Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Еўрасаюза 26 лютага, а яе былы муж з'ехаў з Польшчы ў Беларусь 3 сакавіка.

7 красавіка журналістам «Люстэрка» ўдалося паразмаўляць з былым мужам Анжалікі Мельнікавай, які пацвердзіў, што знаходзіцца ў Беларусі, а дзеці — пры ім. Бацькі Мельнікавай у размове з журналістам «Еўрарадыё» таксама пацвердзілі, што дзеці знаходзяцца ў Беларусі, а пра месцазнаходжанне самой Анжалікі яны самі нічога не ведаюць і трывожацца.

8 красавіка віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Станіслава Гліннік, якая цяпер выконвае абавязкі спікеркі, паведаміла, што 13 сакавіка з акаўнта Анжалікі Мельнікавай былі спампаваныя файлы, да якіх яна мела доступ у рамках працы Каардынацыйнай рады. Сярод іх — стратэгічны план, бюджэт, унутраныя даклады і іншыя аперацыйныя матэрыялы пачынаючы з ліпеня 2024 года.

10 красавіка тэлеканалу «Белсат» стала вядома, што з рахунка фонду Białoruś Liberty, заснаванага Анжалікай Мельнікавай, знялі грошы. Зрабіла гэта яна сама ці хто іншы, пакуль невядома. 

14 красавіка стала вядома, што расследаванне знікнення Анжалікі Мельнікавай у Польшчы перавялі на больш высокі ўзровень — замест Варшаўскай акруговай пракуратуры гэтым будзе займацца Нацыянальная пракуратура. На думку следчых, справу павінны расследаваць пракуроры, якія займаюцца найбольш важнымі справамі, у тым ліку пытаннямі шпіянажу.

Чытайце таксама:

Польская пракуратура не дае згоды на разгалошванне інфармацыі па справе Мельнікавай

Анжаліка Мельнікава хацела выкупіць беларускі фонд з Беластока

«Я наогул не ў курсе». У нясвіжскай міліцыі расказалі, ці шукаюць Анжаліку Мельнікаву

«Яна працавала і атрымлівала заробак». НАУ адказаў наконт грошай Мельнікавай

Каментары да артыкула